Выстава са “Змаганьнем”, “Сынам Беларуса” і “Праўдай”
У Народным музеі імя Аляксандра Жукоўскага Слонімскай сярэдняй школы № 4 адкрылася ўнікальная выстава старых газет і афіш “Гісторыя праз прызму друкаванага радка”.
Выставу склалі газеты і афішы з фондаў школьнага музея, а таксама з асабістага архіва слонімскага літаратара Сяргея Чыгрына. 19 назваў старых газет выстаўлены для наведвальнікаў музея, але найперш для школьнікаў і настаўнікаў. А таксама шмат тэатральных слонімскіх афіш і афіш 1920-х гадоў. Прыцягвае ўвагу афіша з прозвішчам беларускага палітыка і дэпутата польскага сойма Сымона Рак-Міхайлоўскага на польскай і беларускай мове, якая заклікае на сустрэчу з палітыкам у Слоніме ў кінатэатры “Мадэрн”.
Наведвальнікі выставы могуць паглядзець на выданні былой Заходняй Беларусі. Яны ўбачаць такія газеты, як “Сялянская праўда”, “Змаганьне”, “Беларуская ніва”, “Сын беларуса”, “Жыцьцё беларуса”, “Беларуская справа” і шмат іншых. Сярод старых газет на выставе ёсць і слонімскія выданні: “Вольная праца”, “Барацьба”, “Газета Слонімская”. Захоўваюцца ў музеі і савецкія выданні “Праўда”, “Звязда”, “Гудок”, “Савецкая Беларусь”, Іскра”, “На рубяжы”. Усе гэтыя выданні ўбачаць наведвальнікі музея на выставе, якая працягнецца некалькі тыдняў.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара