Выстава ў Нацыянальнай бібліятэцы да 80-годдзя ўз’яднання БССР
17 верасня а 16-й гадзіне ў галерэі «Атрыум» (3 паверх) Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі да 80-годдзя ўз’яднання БССР адкрыецца выставачны праект «17 верасня 1939 года. Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі».
У кніжна-фота-дакументальнай частцы экспазіцыі прадстаўлены арыгіналы дакументаў, у тым ліку перыядычны друк – артыкулы «СБ» і «Звязды» за 1939 год, з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусі, афіцыйныя фотаздымкі фонду Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотадакументаў, літаратурны водгук беларускіх паэтаў на ўз’яднанне краіны прадстаўленыя ў кнігах і перыядычных выданнях з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
У мастацкай экспазіцыі работы айчыных мастакоў-графікаў, якія прысвечаны гэтай падзеі. Унікальная, моцная акадэмічная школа графікі савецкага рэалізму прадстаўлена фондам Нацыянальнай бібліятэкі.
У экспазіцыі – работы Г. Паплаўскага, Л. Рана, М. Селешчука, У. Моўчана, К. Ціхановіча, Я. Бусла, А. Паслядовіча, М. Басалыгі, Э. Агуновіча, С. Геруса, А. Кашкурэвіча, У. Шаранговіча. Гэта графіка ў розных тэхніках (лінагравюры, афорты, лінарыт і г.д) – прыклад агітацыйнага мастацтва, якое было шырока папулярна ў савецкія часы.
У рамках выставачнага праекта адбудзецца прэзентацыя электроннага рэсурса «Беларуская літаратурная спадчына. Часопісы 1919–1939 гг. ». У рэсурсе прадстаўлены беларускія літаратурныя часопісы, якія друкаваліся на тэрыторыях БССР і Заходняй Беларусі ў перыяд з 1919 па 1939 гады. Гэта больш за 1300 нумароў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы і іншых інфармацыйных устаноў Беларусі і замежных краін. Выстаўка працягне працу да 7 лістапада 2019 г.
Дата заканчэння работы выстаўкі можа быць зменена.
На адкрыццё ўваход вольны, у іншы час – па чытацкаму білету або білеце сацыякультурнага цэнтра.