Выстава ў Палацы Тызенгаўзаў у Паставах



Выстава, прысвечаная 230-годдзю з дня нараджэння беларускага арнітолага, графа Канстанціна Тызенгаўза і 200-годдзю з часу заснавання Пастаўскага арніталагічнага музея, адкрылася ў Палацы Тызенгаўзаў у Паставах. Мерапрыемства пачалося з гістарычнай інсцэнізацыі, а скончылася міні-канферэнцыяй з удзелам музейных супрацоўнікаў і ганаровых гасцей. Імпрэзу наведалі прафесар беларусістыкі з Варшавы Іосіф Зямчонак, член Акадэміі навук Беларусі , прафесар біяхіміі Андрэй Майсяёнак, прафесар біяхіміі Павел Пронька з Гародні.

На выставе прадстаўленыя здымкі  супрацоўнікаў Пастаўскага раённага музея, фота літоўскіх калег, а таксама здымкі аднаго з найбуйнейшых даследчыкаў спадчыны Тызенгаўзаў,  прафесара Іосіфа Зямчонка .

Па словах Іосіфа Зямчонка, Канстанцін Тызенгаўз у сузор’і еўрапейскіх даследчыкаў – зорка першай велічыні. Ён пакінуў пасля сябе спадчыну, якую і цяпер даследуюць дзясяткі навукоўцаў.

— Асоба, якую можна назваць прадстаўніком рэнесансу, шмаграннай, шматбакова адоранай талентамі. Гэта быў і навуковец, і  мастак,і кампазітар — гэта быў чалавек шчырай душы і вялікага сэрца. Гэта быў сапраўдны навуковец, які пакінуў не толькі галіну навукі, створаную ягонай энергіяй і талентам, але таксама пакінуў спадчыну, якую сёння даследуюць дзясяткі навукоўцаў.

Пасля заканчэння біялагічнага факультэта Віленскага ўніверсітэта Канстанцін Тызенгаўз пасяліўся ў Паставах і да сваёй смерці ў 1853 годзе займаўся заалогіяй і арніталогіяй. Ён выпусціў трохтомную агульную арніталогію і сабраў каля 3 000 экспанатаў птушынага свету. Пасля ягонай смерці па волі ўладальніка змесціва музея перадалі ў Вільню.

І цяпер на біяфаку Вільнюскага ўніверсітэта захоўваюцца экспанаты з пастаўскага музея Тызенгаўза.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара