Выстава „У сузор’і Пагоні”



Групавая выстава сямі сяброў суполкі “Пагоня” – ПЁТРЫ БАГДАНАВА, ВОЛЬГІ БЫЧКО, АНАТОЛЯ ВОЛКАВА, АЛЕГА І АЛЕНЫ КАРПОВІЧАЎ, ВІКТАРА МІКІТЫ І ЮРЫЯ ПІСКУНА адкрыецца ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” Беларускага саюза мастакоў 8 ліпеня 2020 года.

Выстава прысвечана 30-гадоваму юбілею суполкі “Пагоня”. Сем творцаў маладзейшай і сярэдняй генерацыі суполкі таксама адзначаюць у 2020 годдзе свае юбілейныя даты. Насамрэч іх сумесная экспазіцыя – гэта сем самастойных персанальных выставак, якія аб’яднаны адзінай для ўсіх “пагоняўцаў” любоўю да Беларусі. Кожны з мастакоў у сваёй адметнай творчай манеры апявае сваю Радзіму, услаўляе беларускую ідэю.

Самая маладая з удзельнікаў – ВОЛЬГА БЫЧКО. Для яе гэта першая юбілейная персанальная выстава. На ёй прадстаўлены творы апошніх гадоў: сімволіка-рамантычныя жывапісныя кампазіцыі, стрыжнёвая тэма якіх – сувязь гісторыі і сучаснасці. Галоўнымі героямі палотнаў часта выступаюць дзеці мастачкі.

Рэтраспекцыя жывапісу ПЁТРЫ БАГДАНАВА складзена з найбольш значных твораў мастака – адухоўленых жаночых вобразаў анёльскай прыгажосці.

У АНАТОЛЯ ВОЛКАВА асноўная тэма творчасці – беларуская гісторыя, апяванне часоў славы Вялікага княства Літоўскага. Вельмі цікавая і разнастайная экспазіцыя яго работ уключае і жывапісныя пано, і зброю, і творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і інсталяцыі. Шэраг новых твораў мастак выканаў спецыяльна для гэтай выставы.

Муж і жонка АЛЕГ І АЛЕНА КАРПОВІЧЫ дэманструюць у сваіх экспазіцыях творы графікі. У Алены – гэта тонкія, паэтычныя акварэлі і кніжныя ілюстрацыі. У Алега Карповіча – малюнкі, сяброўскія шаржы і карыкатуры, якія карыстаюцца нязменным поспехам на яго шматлікіх персанальных выставах.

ВІКТАР МІКІТА – мастак, які выдатна працуе як у галіне графікі, кніжнай ілюстрацыі, так і жывапісу. На выставе ў “Палацы мастацтва” можна пабачыць найбольш знакамітыя графічныя серыі і жывапісныя творы ў аўтарскай тэхніцы.

Мастак-жывапісец і вядомы ў краіне майстар-дызайнер сцэнічнага касцюма і мастацтвазнаўца ЮРЫЙ ПІСКУН дэманструе свае жывапісныя творы розных гадоў. Найперш гэта партрэты блізкіх яму людзей.

Усе сем экспазіцый выставы “У сузор’і Пагоні” даюць магчымасць гледачу больш блізка пазнаёміцца з разнастайнасцю творчых пошукоў сябраў суполкі “Пагоня”, з іх адданасцю высакароднай місіі служэння Беларусі.

Выстава працуе да 19 ліпеня 2020 года.

Адрас: г. Менск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак-выхадны дзень.

budzma.by