Выстава „Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”



„Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”. Выстава пад такой назвай праходзіць у залі Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. На выставе прадстаўлены 12 планшэтаў з прыкладамі архітэктурных аб’ектаў і аўтарамі будынкаў, пабудаваных у міжваеннай Польшчы.

Падрабязней кажа гісторык архітэктуры Міхал Пшчулкоўскі:

– Выстава складаецца з двух частак. Яна была зроблена для Польскага інстытута. Ездзіла ў розныя мясціны Еўропы, і вось даехала да Беларусі. Польскі інстытут у Менску вырашыў пашырыць падставовую частку выставы пра польскую міжваенную архітэктуру дадатковай часткай, якая прысвечана аб’ектам у Заходняй Беларусі.   

Сярод захаваных аб’ектаў Берасця, пабудаваных у міжваенны час, якія можна пабачыць на планшэтах выставы, – цяперашнія будынкі аблвыканкама, банка, фасад упраўлення КДБ па Берасцейскай вобласці і іншыя.

„Дзякуючы таму, што падобных будынкаў каля сотні ў нашым горадзе, пры наданні належнай мастацкай формы яны могуць стаць якасным турыстычным і культурніцкім прадуктам”, – падсумавалі арганізатары „берасцейскіх мадэрнісцкіх шпацыраў”.

Сама ж выстава адкрылася пры падтрымцы Польскага інстытута ў Менску, Міністэрства замежных спраў Польшчы, Генеральнага консульства Польшчы ў Берасці і ў супрацы з Берасцейскім дзяржаўным універсітэтам.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.