Выстава «З кніг Уладзіміра Караткевіча»
24 лістапада 2020 г. у Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пачне працу нябачаная раней выстава «З кніг Уладзіміра Караткевіча», прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.
Упершыню на выставе можна будзе ўбачыць шырокую палітру кніг з кабінета пісьменніка, даведацца, якія рукапісы, старадрукаваныя і рэдкія выданні захоўваліся ў кнігазборы.
Асноўнае месца ў экспазіцыі нададзена экслібрысам Уладзіміра Караткевіча. Пераважная іх частка зроблена самім пісьменнікам: разнастайныя кніжныя знакі, якія адмыслова выкананыя і падабраныя для пэўных выданняў. На выявах – знакавыя постаці беларускай культуры: Скарына, Гусоўскі, а таксама ўлюбёныя Караткевічам ветразі. Вылучаецца экслібрыс з абрысамі зброі касінераў. Яго пячатку і клішэ можна ўбачыць на выставе.
Несумненную цікавасць абудзяць экслібрысы, створаныя для пісьменніка мастакамі. Працы Арлена Кашкурэвіча, Міколы Купавы, Уладзіміра Басалыгі, Іосіфа Капеляна, Генадзя Грака і Вячкі Целеша можна будзе ўбачыць на старонках выданняў і даведацца гісторыю іх стварэння.
Унікальныя дароўныя надпісы на кнігах уводзяць у сяброўскае і творчае кола пісьменніка. У экспазіцыі – аўтографы родных Уладзіміра Караткевіча, таварышаў і настаўнікаў маладосці, літаратурных прататыпаў, вядомых творцаў, сяброў і паплечнікаў: Адама Мальдзіса, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Янкі Брыля і іншых, а таксама нечаканы па-караткевічаўску жартаўлівы аўтограф самому сабе.
Выстава падрыхтавана сумесна з захавальнікамі спадчыны Уладзіміра Караткевіча – сям’ёй пляменніцы пісьменніка Алены Іванаўны Сінькевіч. У экспазіцыі таксама прадстаўлены кнігі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Але найбольшая ўдзячнасць Таццяне Захаравай за намаганні па падрыхтоўцы выставы ў такіх няпростых умовах.
Выстава «З кніг Уладзіміра Караткевіча» будзе працаваць з 24 лістапада 2020 г. па 17 студзеня 2021 г. штодзень, акрамя панядзелка і дзяржаўных свят.
Для наведвальнікаў бібліятэкі ўваход вольны. З улікам актуальнай сітуацыі абяцаем аператыўна апублікаваць відэа-прэзентацыю.