Выстава сакральнага жывапісу Анны Макаць “Biblia pauperum”
15 сакавіка 2019 г. а 17–й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы сакральнага жывапісу Анны Макаць “Biblia pauperum”.
АННА MAKAЦЬ – мастак, рэстаўратар твораў мастацтва. Нарадзілася 9 ліпеня 1966 года ў Гдыні. У 1985–1991 гадах вывучала рэстаўрацыю жывапісу і графікі на Факультэце выяўленчага мастацтва Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні. За дыпломную работу – рэстаўрацыю іконы XVIII – XIX стст. – у 1992 годзе атрымала ўзнагароду Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны на выставе найлепшых дыпломных работ мастацкіх ВНУ “Дыплом 90/91”. У 1993 годзе ў конкурсе ілюстрацыі да дзіцячай Бібліі, арганізаваным гданьскім Фондам “Pro Arte Sacra”, атрымала ўзнагароду за цыкл работ, натхнёных візантыйскім жывапісам. У 1995–1996 гадах працавала на пасадзе рэстаўратара ў гданьскіх рэстаўрацыйных майстэрнях. Сёння Анна Макаць вядзе прыватную рэстаўрацыйную практыку, піша іконы і крыжы па замове касцёлаў і прыватных асоб.
Свае іконы мастачка піша ў адпаведнасці з арыгінальнымі тэхнікамі рускага іканапісу. Асновай з’яўляюцца сасновыя дошкі, узмоцненыя дубовымі шпонамі. Яны абклейваюцца пакрытым растворам палатном, а потым паталлю або сусальным золатам. Іконы напісаны тэмпернымі фарбамі з дадаткам яечнага жаўтка ў якасці вяжучага рэчыва. На фінальным этапе паверхня пакрываецца лакам і пацінай.