Выстава жывапісу Кастуся Качана ў Нацыянальным мастацкім музеі



Выстава жывапісу Кастуся Качана „Радзімай зачараваны” адкрылася 28 студзеня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

У экспазіцыі прадстаўлены каля 60 жывапісных твораў мастака. Выстава арганізавана з нагоды вылучэння Кастуся Качана на Дзяржаўную прэмію Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры, як паведаміла belta.by.

На выставе прадстаўлены работы розных гадоў, створаныя майстрам у час паездак па Беларусі, перш за ўсё па яе заходніх раёнах. Асаблівае месца ў творчасці Кастуся Качана займаюць краявіды Навагрудскай зямлі – малой радзімы аўтара. Яго работам уласціва нацыянальна-рамантычная настроенасць. Спалучаючы ў сваіх творах цішыню і спакой правінцыяльнага жыцця з рамантыкай старадаўніх помнікаў, майстар стварае арганічны сплаў мінулага і сучаснасці, якія не адасабляюцца адзін ад аднаго, а суіснуюць разам у прасторава-часавым адзінстве.

Выстава будзе працаваць па 15 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя