Выстава жывапісу Ягора Батальёнка „Іду і вяртаюся”
17 верасня ў 16.00, напярэдадні юбілейнай даты дня нараджэння мастака, у залах Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы вядомага беларускага жывапісца Ягора Батальёнка.
Ягор Батальёнак нарадзіўся 19 верасня 1946 года ў вёсцы Вялікія Труханавічы Чашніцкага раёна. Пасля заканчэння Грынькоўскай сярэдняй школы паступіў вучыцца на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, які скончыў у 1968 годзе.
Працаваў у Бягомльскай школе-інтэрнаце, у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве. З 1974 года пачаў браць удзел у мастацкіх выставах.
З 1981 года – сябра Саюза мастакоў Беларусі. Прымаў удзел у шматлікіх выставах у Менску, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Іспаніі, Галандыі, Арабскіх Эміратах, Італіі, Польшчы, Германіі.
У 1996 годзе атрымаў Першую прэмію прадстаўніцтва ААН у Беларусі за жывапісны твор «Повязь».
Гарманічнае зліццё з прыродай, гармонія сусвету і чалавека, любоў да роднага краю – аснова творчасці мастака.
Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца па адрасе: вул. Стралецкая 4А-4, г. Полацак.
Беларускае Радыё Рацыя