Выставачны праект „ZBOR In Progress”
16 кастрычніка ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” адкрыецца маштабная выстава-даследаванне гісторыі сучаснага мастацтва Беларусі за апошнія 30 год.
ZBOR – гэта выставачны праект, у аснову якога лягла даследчыцкая дзейнасць платформы KALEKTAR, якая была створаная групай мастакоў і куратараў у 2014 годзе дзеля вывучэння і захавання найноўшых працэсаў і тэндэнцый у сучасным мастацтве Беларусі і якая ў далейшым мела вынікам анлайн збор найноўшага беларускага мастацтва.
Аснову анлайн калекцыі склалі больш за 150 твораў, адабраных пасля апытання 35 спецыялістаў у вобласці сучаснага беларускага мастацтва: мастакоў, мастацтвазнаўцаў, журналістаў, крытыкаў. А для выставачнага праекта ZBOR з гэтых прац экспертнай радай платформы KALEKTAR было адабрана 40 твораў.
У 2015 годзе ў польскай галерэі “Арсенал” (г. Беласток) адбылася першая выстава “ZBOR. Канструюючы архіў”, куратарамі якой выступілі Сяргей Кірушчанка і Сяргей Шабохін. Увесну 2016 года сваю куратарскую канцэпцыю “ZBOR. Рух беларускага мастацтва” ва ўкраінскім Фондзе “Ізаляцыя” прадставілі Андрэй Дурэйка і Максім Тымінько. Кіеўская экспазіцыя ўвайшла ў ТОП-10 выстаў сучаснага мастацтва Усходняй і Цэнтральнай Еўропы паводле версіі Art Guide East.
Менская выстава ZBOR In Progress прадставіць шырокі зрэз сучаснага беларускага мастацтва за апошнія 30 гадоў і ахоплівае творчасць больш чым пяцідзесяці беларускіх мастакоў, якія жывуць і працуюць як у краіне, гэтак і за мяжой.
Выстава змяшчае больш за дзвесце экспанатаў: дакументальныя фатаграфіі, даследчыцкія эсэ, а таксама арыгінальныя працы беларускіх мастакоў створаныя ў перыяд з канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя да нашых дзён. Значную частку экспазіцыі займае вялікая медыя прэзентацыя, якая ўтрымлівае арыгінальныя відэапрацы больш за дваццаці аўтараў, рэдкія дакументальныя відэаматэрыялы шэрага перформансаў і мастацкіх акцый, а таксама ўнікальныя рэканструкцыі інсталяцый у маштабе 1:1.
У суправаджальную праграму праекта ўвойдуць сустрэчы з мастакамі і куратарамі праекта, лекцыі, дыскусіі і куратарскія экскурсіі па экспазіцыі для дарослых і дзяцей.
Адрас: Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”, Менск, вул. Кастрычніцкая, 19
Уваход на выставу па квітках (5 BYN/3 BYN)
Даведкі па тэлефоне: +375293667516, ygallery.by