Выставу ліквідавалі, бо яна «прыніжае ролю СССР у гісторыі Беларусі»



У музеi-запаведніку «Заслаўе» павінна было адбыцца адкрыццë выставы «Заходнебеларуская Атлантыда. Гісторыя Заходняй Беларусі ў дакументах, фотаздымках і артэфактах» з прыватнай калекцыі Ігара Мельнікава, кандыдата гістарычных навук. Працаваць выстава так і не пачала — ідэолаг Менаблвыканкама распарадзіўся яе не адкрываць, быццам бы «выстава прыніжае ролю СССР у гісторыі Беларусі». Сёння да дырэктара музея Мікалая Паграноўскага прыехаў начальнік па ідэалогіі і інспектар МНС, і выставу канчаткова ліквідавалі.

10685273_10204886041610038_1419782525_n

KYKY: Ігар, тэма вашай выставы — гісторыя Заходняй Беларусі ў міжваенны час. Чаму вырашылі звярнуцца да гэтага перыяду?

Ігар Мельнікаў: Гэта досыць цікавы і няпросты час у нашай нацыянальнай гісторыі. Я заўсёды цікавіўся гісторыяй Другой сусветнай вайны. І вось калі пра ўдзел беларусаў у змаганні з нацызмам на савецкім баку ёсць шмат інфармацыі, то пра беларускіх жаўнераў Войска Польскага, якія з верасня 1939 года першымі, разам з палякамі сказалі Гітлеру «не» ў Беларусі, доўгі час не ўзгадвалі. А між тым гутарка ідзе пра 70 тысяч беларускіх жаўнераў польскай арміі, якія ўдзельнічалі ў Вераснёўскай кампаніі 1939 года. Разам з тым, «Заходнебеларуская Атлантыда» распавядае і пра мірнае жыццё жыхароў Віленскага, Наваградскага і Палескага ваяводстваў у 1920—1930 гг.

KYKY: Давайце падрабязней пагаворым пра сам змест выставы. Агульнавядома, што ў сакавіку 1921 года Беларусь была падзелена паміж савецкай Расеяй і Другой Рэччу Паспалітай. Заходняя частка нашай краіны жыла «пад палякамі», мела свой быт, свае парадкі. Наколькі савецкі лад жыцця адрозніваўся ад польскага?

Ігар Мельнікаў: Адрозніваўся, і значна. Аднак варта пазначыць, што выстава «Заходнебеларуская Атлантыда» не распавядае пра нейкае «шчаслівае» жыццё беларусаў пад палякамі. Заходняя Беларусь у міжваенны час была небагатай аграрнай ускраінай Другой Рэчы Паспалітай. Тут было беспрацоўе і «зямельны голад», аднак, не было голаду хлебнага, які накрыў савецкую Беларусь і Украіну ў пачатку 1930-х гадоў. Часткова сітуацыю ратавала польская дзяржава, часткова паны-землеўласнікі. У БССР пра гэта не любілі ўзгадваць, але працавітыя гаспадары «за панскім часам» жылі някепска. Пры гэтым паўтаруся — на «крэсах» не было раю. Тут была паланізацыя, і калі б не падзеі верасня 1939 года, польскім уладам удалося б перарабіць «тутэйшых» палешукоў у «палякаў». Разам з гэтым не трэба забываць, што ў той жа самы час у БССР была русіфікацыя, а беларуская нацыянальная інтэлігенцыя падверглася жорсткім рэпрэсіям.

KYKY: Падаецца, што «Атлантыдай» вы называеце Заходнюю Беларусь, таму што яна дастаткова нязведаная, адрозная, іншая, так?

Ігар Мельнікаў: Такая назва ў выставы таму, што гэты перыяд гісторыі Беларусі слаба вывучаны нават айчыннымі гісторыкамі. Што ўжо казаць пра грамадства, якое працяглы час не мела магчымасці даведацца пра розныя абставіны гісторыі заходнебеларускіх тэрыторый у міжваенны перыяд і пра ўдзел нашых суайчыннікаў у Вераснёўскай кампаніі 1939 года.

KYKY: А як гэты вайсковы аспект прадстаўлены на выставе?

Ігар Мельнікаў: Гледачы змогуць убачыць унікальныя фотаздымкі беларускіх жаўнераў польскага войска, дакументы, асабістыя рэчы. Сапраўднай разынкай выставы з’яўляюцца ўзоры ўніформы пяхотніка 84-га палку з Пінску, марака Пінскай рачной флатыліі ВМФ Другой Рэчы Паспалітай і капітана 83-га пяхотнага палка з Кобрына. Людзі ў такіх мундзірах змагаліся з нацыстамі пад Млавай, Модлінам, Варшавай, Берасцем, Кобрынам і г.д.

KYKY: 17 верасня 1939 года Заходняя Беларусь «уз’ядналася» з БССР? З аднаго боку, савецкіх салдат сустракалі хлебам з соллю, з другога, хутка пасля «вызвалення» пачаліся арышты, дэпартацыі і калектывізацыя. Вы пра гэта распавядаеце на выставе?

Ігар Мельнікаў: У экспазіцыі, безумоўна, паказаны працэс далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Тут ёсць і дакументы, і здымкі, і цікавыя матэрыялы перыядычнага друку. Я не насоўваю гледачам нейкія думкі і погляды, а даю ім факты, а людзі самі павінны фарміраваць сваё стаўленне да тых падзей. Асабіста лічу, што «ўз’яднанне» адыграла вельмі важную ролю ў працэсе фарміравання беларускай дзяржаўнасці і станаўлення самасвядомасці нашага народу. Разам з тым, не трэба забываць і пра адмоўныя бакі, звязаныя з падзеямі верасня 1939 года. Тут гутарка ідзе пра рэпрэсіі і дэпартацыі. Ні сучасная беларуская ўлада, ні грамадства не нясуць адказнасці за злачынствы сталінізму, але мы павінны ведаць гэтыя старонкі нашай гісторыі.

KYKY: Хто ўжо паспеў паглядзець экспанаты і якія былі водгукі?

Ігар Мельнікаў: На адкрыццё выставы 12 верасня 2014 года прыйшло каля 50 чалавек. Людзі рознага ўзросту. Было і некалькі нашчадкаў беларусаў, якія ў польскіх мундзірах біліся з фашыстамі ў пачатку Другой сусветнай вайны. На жаль, адкрыццё было неафіцыйным, але людзям спадабалася выстава. Больш таго, да сённяшняга дня ў інтэрнэце шмат маіх знаёмых і іншых людзей звяртаюцца да мяне і выказваюць пажаданне ўбачыць «Заходнебеларускую Атлантыду» на ўласныя вочы.

KYKY: У чым, на вашу думку, каштоўнасць гэтай выставы?

Ігар Мельнікаў: Думаю, што галоўным плюсам гэтага выставачнага праекта з’яўляецца яго навізна. У Беларусі ніколі не было падобных мерапрыемстваў. Гісторыю Заходняй Беларусі разглядалі толькі праз прызму падзей 17 верасня 1939 года. А пра беларускіх герояў Вераснёўскай кампаніі ўвогуле не згадвалі. Прыйшоў час зламаць стэрэатыпы і вярнуць гістарычную праўду беларусам. Спадзяюся, што «Заходнебеларускую Атлантыду» ўбачаць і ў іншых гарадах нашай краіны.

Тым часам, беларускае тэлебачанне нават паспела зрабіць сюжэт пра выставу.

Цалкам гутарку чытайце на kyky.org

Фота facebook.com