“Я пазнаю Беларусь”



У Беларусі абвешчаны конкурс “Я пазнаю Беларусь”. Прыняць удзел можа кожны грамадзянін. Для гэтага трэба сфатаграфавацца на фоне гісторыка-культурных аб’ектаў краіны. Мэта конкурсу – папулярызацыя турыстычных аб’ектаў, якія маюць статус каштоўнасці. На сёння ў краіне такіх аб’ектаў налічваецца 660 адзінак.

Намесніца старшыні Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна адзначыла, што ўявіць турызм без гісторыка-культурных кампазіцый немагчыма:

– Заўсёды, калі ты плануеш распавядаць пра нейкія аб’екты, то задумваешся: а што паказаць турыстам? У нашай турыстычнай, экскурсійнай справе ёсць святое правіла. Калі ёсць лакалізацыя падзей, калі яны тут адбываліся, то значыць толькі тут мы пра гэта і размаўляем. Калі ёсць што паказаць – мы паказваем аб’ект. Гэта не вольны аповед, не лекцыя і не ўрок – гэта экскурсія.

Зрабіўшы фатаграфіі, іх трэба пераслаць на электронную пошту Нацыянальнага агенцтва па турызме. Арганізатары заклікаюць вандроўнікаў рабіць больш здымкаў, бо так узрастае шанец на перамогу ў агульнанацыянальным конкурсе “Я пазнаю Беларусь”.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота ctv.by