„Я ўсё табе аддаў – жыццё і сілы”…



Помнік паэту Генадзю Бураўкіну адкрыты ў дзень яго 79-годдзя на Усходніх могілках у Менску, дзе пахаваны творца.

buraukin_pomnik_01

Як запавет, на помніку выбіты словы з ягонага верша: „Ты, мой народ, мяне не папракнеш: я ўсё табе аддаў – жыццё і сілы”…

buraukin_pomnik_04

Барыса Пятровіча (Сачанкі)

Па словах старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча (Сачанкі), які выступіў на цырымоніі адкрыцця, канешне, добра было б у гэты дзень усім сабрацца ў Генадзя Мікалаевіча і павіншаваць яго з чарговым днём нараджэння. А на наступны год сустрэць  яго юбілей і павіншаваць яго з юбілеем. „Але нажаль, жыццё склалася так, што  ужо больш за год, як Генадзь Мікалаевіч пайшоў з жыцця, але шмат хто працягвае згадваць яго, як жывога. Мы згадваем яго добрым словам, згадваем яго вершы, яго мудрыя словы, кшталту тых, што з’явіліся сёння на помніку. Думаю, кожны беларус, згадаўшы ягонае жыццё і тое, што ён зрабіў для Беларусі як паэт, як грамадскі дзеяч, як кіраўнік тэлебачання, як прадстаўнік Беларусі пры ААН, аддзячыў яго добрым словам за ўсё тое, што ён зрабіў дзеля Беларусі. Добра, што адкрыццё помніка адбылося менавіта ў дзень нараджэння. Гэта сімвалічна ў пэўным сэнсе. І мне хацелася б, каб беларусы прыходзілі сюды не толькі ў дзень нараджэння Генадзя Мікалаевіча, не толькі ў дзень смерці яго, а проста прыходзілі да яго. Ён любіў усіх, любіў сяброў, любіў беларусаў. Прыходце сюды чытаць вершы, прыходце сюды слухаць вершы. Генадзь Мікалаевіч з радасццю вас сустрэне”, – сказаў Барыс Пятровіч (Сачанка).

Сын паэт Аляксей Бураўкін распавёў,  што словы з вершу на памніку „Ты, мой народ, мяне не папракнеш”, з’явіліся па волі Генадзя Мікалаевіча, ён перад смерццю хацеў і прасіў, каб менавіта яны там былі. Калі рабілі гэты помнік, аўтар яго канцэпцыі, скульптар Алесь Шатэрнік, прапаноўваў дабавіць іншыя радкі з вершаў. І мы пачалі ўспамінаць, цытаваць. І можна было б, напэўна, многія радкі з вершаў размясціць на мануменце. Але мы выканалі волю Генадзя Бураўкіна. Усё ж такі яны найбольш дакладна паказваюць, які ён быў, дзеля чаго ён жыў”.

Па словах паэта Сяргея Законнікава, ён са студэнцва жыў паэзіяй Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна. „Яны былі для нас, студэнтаў,  старэйшымі братамі, старэйшымі сябрамі па паэзіі.  І ўсё маё пакаленне, трошкі за іх маладзейшае, гадоў на 10, яно ўсё вырастала пад іхнім крылом. Пагэтаму я вельмі ўдзячны Генадзю за ўсё, што ён для мяне зрабіў! А жыццё, у прынцыпе, прайшло не толькі ж у нейкіх змаганнях. Яно прайшло яшчэ, акрамя таго, у лесе, дзе грыбкі ёсць. Яно прайшло ў лазні, дзе ёсць венічкі бярозавыя. Яно прайшло ў застоллях па вечарах, добрых і цёплых, калі мы сядзелі вялікай сябрынаю і гаварылі пра многае, а асабліва пра лёс нашай любімай роднай Беларусі. Я думаю, што калі б усе людзі, якія адораны такім добрым талентам як Генадзь, каб яны яны аддалі свой талент нашаму народу, то мы б былі не ў такім свеце, у якім мы сёння існуем. Вось зараз мы абмяняліся думкамі, успомнілі ты я ж 90-я гады. Што было на Беларусі ў 90-я гады, якое было жыццё! Хай сабе гэта былі надзеі толькі, якія не спраўдзіліся, але мы жылі! А што цяпер? Цяпер мы толькі глядзім-цэны павысіліся. Падкінулі 5 грошай да нашай пенсіі ці зарплаты. Вот і ўсё наша жыццё. Не так трэба жыць. Трэба жыць, як Генадзь Бураўкін!” – завершыў свой выступ Сяргей Законнікаў.

buraukin_pomnik_05

Уладзімір Някляеў

Але гэтую тэму – сэнсу жыцця і яго пошуку падхапіў паэт і грамадскі дзяеч Уладзімір Някляеў: „Драбяза і мітусня зараз усё больш напаўняюць наша жыццё. І за імі, як за пылам, людзі ўжо пачынаюць не бачыць асноўнага, галоўнага, дзеля чаго мы жывем у гэтым свеце, перастаюць шукаць адказы на гэтыя пытанні. Не бачаць за гэтым пылам сакральнага, боскага, дзеля чаго мы прыйшлі на гэты свет. А ён, Генадзь Бураўкін, усё жыццё займаўся адказам вось на гэтыя самыя важкія пытанні. Адказаць  на тое, чаму эканоміка ў Беларусі кепская, па мойму, нескладана. А вось адказаць на тое, што адбываецца з  народам, са свядомасццю народнай, пра якую кажуць, што яе быццам і няма ўжо, – ну як гэта няма, ёсць народ, як няма свядомасці? – Проста яе  ўвесь час  скрыўляюць,  замяняюць тым, што балбоча прапаганда па тэлескрынцы. І адказаць на гэтае пытанне вельмі цяжка. І гэта яго пакутліва мучыла. І ён да апошняга свайго часу стараўся гэтаму скрыўленню народнай свядомасці супрацьстаяць…”

buraukin_pomnik_06

Уладзімір Арлоў

Па словах пісьменніка Уладзіміра Арлова, Генадзь Мікалаевіч Бураўкін быў чалавекам, які ствараў дзівосы. „Дзівосы ў паэзіі, дзівосы ў сваёй журналісцкай прафесійнай дзейнасці на тэлебачанні, у дыпламатыі, – як амбасадар, прадстаўнік Беларусі ў ААН. І душа Бураўкіна, як і душа кожнага палачаніна, мне здаецца, больш за душы іншых беларусаў схільныя да веры ў дзівосы. І Бураўкін імкнуўся гэтую веру перадаць іншым.  Калі мы з ім выступалі на роднай Полаччыне, ён заўсёды, звяртаючыся да прысутных, казаў, што па гэтай святой Полацкай зямлі трэба як мага часцей, як мага больш хадзіць босенькім, каб падзаражацца ад яе. І тады ў нас будуць новыя Скарыны, новыя Ефрасін’і, новыя Сімяёны нараджацца. Я памятаю, калі Генадзь Мікалаевіч сказаў гэта на адным застоллі, на адным банкеце ў Полацку, на які яго і мяня запрасіў тагачасны полацкі мэр Уладзімір Тачыла, – Тачыла гэта пачуў і кажа свайму атачэнню чынавенскаму: „Запісвайце, дуракі!”

Таму Генадзь Мікалаевіч Бураўкін з намі, як выдатны паэт, як чалавек, які мысліў у агульнанацыянальных катэгорыях, які сваёй дзейнасцю ствараў нацыю, паказваў ёй шлях у будучыню”, – сказааў Удадзімір Арлоў.

buraukin_pomnik_07

Злева направа: Радзім Гарэцкі, Лявон Баршчэўскі, Уладзімер Арлоў, Уладзімер Някляеў, Юлія Бураўкіна (удава паэта), Сяргей Законнікаў, Анатоль Вярцінскі, Барыс Пятровіч

Таксама на цырымоніі вступілі акадэмік Радзім Гарэцкі, паэт Анатоль Вярцінскі, журналіст Аляксандр Старыкевіч і іншыя, хто добра ведаў і сябраваў з Генадзем Бураўкіным.

А напрыканцы цырымоніі адкрыцця помніка яе ўдзельнікі разам спелі нацыянальны гімн Беларусі „Магутны Божа”.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота budzma.by