«Я вам чароўны свет адкрыю»
„Я вам чароўны свет адкрыю”, — так называецца выстава вышываных карцін, што адкрылася ў Гасцёўні імя Уладзіслава Галубка ў Менску. Гаворыць старшыня Першамайскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання Беларускі саюз жанчын Таісія Пужэвіч:
— Стала добрай традыцыяй, што напярэдадні Дня маці нашы вышывальшчыцы прэзентуюць вось такую цудоўную выставу. Так мы пачынаем наша мерапрыемства, прысвечанае гэтай светлай і добрай даце. Усё не выпадкова ў нашым жыцці. Адбылося, што вось і Пакроў Багародзіцы і Дзень маці ў адзін дзень. Вось такое адзінства рэлігійнага і свецкага свята аб’ядноўвае ўсіх нас.
Наведвальнікам гасцёўні прадстаўленыя вышываныя карціны, выкананыя майстрыхамі клуба “Сузор’е”. Выстава арганізаваная сумесна з Беларускім саюзам жанчын.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя