Яго боль і бой – літаратура…
12 жніўня паэту і публіцысту, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Леаніду Галубовічу спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння.
Калі б Леанід Галубовіч за сваё жыццё напісаў толькі адзін хрэстаматыйны верш “Паэзія”, то гэтага хапіла да для таго, каб паэт стаў вядомым у нашай літаратуры. Верш быў напісаны ажно ў 1982 годзе. Вось адна страфа з гэтага верша:
Ты – боль, паэзія. Ты – бой. Ты – праўды непрыступнай вежа. Я – праведнік і грэшнік твой, Пусці мяне ў сваё бязмежжа!..
Першы зборнік вершаў Леаніда Галубовіча “Таемнасць агню” пабачыў свет у 1984 годзе, калі аўтару было ўжо 34 гады. У прадмове да кнігі пісьменніца Вера Палтаран тады пісала: “Свет паэзіі Леаніда Галубовіча – актыўны, дзейны, працавіты. Тут расце хлеб. Шумяць над нівамі ліўні, стукаюць сякеры цесляроў і ламы далакопаў, — адным словам, тут чалавек і прырода робяць сваю адвечную справу, якая і стаецца зместам вершаў паэта”.
Выхад першага зборніка Леаніда Галубовіча стаў адметнай з’явай у беларускай паэзіі. Крытыкі адразу адзначылі яго глыбокую паэтычную культуру і высокі эмацыянальна-пачуццёвы напал радкоў.
Але да паэзіі Леанід Галубовіч ішоў неспяшаючыся. Спачатку ён паспрабаваў працу электрыка на прадпрыемствах Жабінкі, Слуцка, Клецка, у калгасе. Служыў у войску і тады толькі скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літінстытуце імя Горкага ў Маскве.
Следам за “Таемнасцю агню” пісаліся і выдаваліся кнігі “Споведзь бяссоннай душы”, “Таемнасць споведзі”, “Заложнік цемры”, “Зацемкі з левай кішэні”, “З гэтага свету” і многія іншыя.
Душа паэта, пачынаючы ад першай кнігі “Таемнасць агню” і да яго зборніка “Поўня”, “шырока лучыцца са светам”, як пісаў крытык Алесь Бельскі. Бо паэтычны свет Леаніда Галубовіча сапраўды шырокі, светлы, шчыры і адкрыты. Яго творчасць па-ранейшаму застаецца запатрабаванай і чытэльнай, новай і цікавай. З юбілеем Вас, Леанід Міхайлавіч!
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя