Як адзначылі дзень народзінаў Караткевіча ў Менску і Варшаве



У Менскай галерэі Ў прайшла вечарына, прысвечаная 85-годдзю Уладзіміра Караткевіча. Арганізаваў яе Саюз беларускіх пісьменнікаў. Як нагадаў у сваім выступе старшыня гэтай арганізацыі Барыс Пятровіч: «Ужо больш за 30 гадоў, як пайшоў з жыцця Караткевіч. І хоць гэта здарылася ў росквіце ягоных сілаў, пісьменніку было толькі 54 гады, ён пакінуў вялікую літаратурную спадчыну. Яна зараз друкуецца ў 25 тамах збору ягоных твораў».

І праз 30 гадоў знаходзяцца новыя недрукаваныя творы Уладзіміра Сымонавіча. У апошнім нумары часопіса«Дзеяслоў» быў надрукаваны невядомы дзённік. Размова ішла на вечарыне, найперш, пра асобу Уладзіміра Караткевіча, пра ягоную творчасць: ідэяў у яго было вельмі шмат. Мы пачулі пра тое што ён хацеў бы некалі выдаць Каласы пад сярпом тваім без цэнзарскіх правак: так, як ён напісаў. Бо цэнзары вельмі шмат скарацілі.

На вечарыне выступілі паэты і пісьменнікі: Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Сяргей Законнікаў,  Леанід Дранько-Майсюк, бард Алесь Камоцкі і іншыя. Яны распавялі пра свае сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам. Прагучалі новыя, яшчэ невядомыя ўспаміны. і факты з жыцця вялікага беларускага пісьменніка .

***

У Варшаве, каб ушанаваць памяць знакамітага беларускага пісьменніка адбыўся паказ фільму Касі Камоцкай і Віктара Корзуна «Уладзімір Караткевіч. Душа застанецца». Доктар філалагічных навук Андрэй Масквін распавёў таксама  пра дзённікі пісьменніка, напісаныя, калі яму было 35-36 гадоў.

Такое ўражанне, што ён вельмі рана пачаў мысліць, быў гэткім «маладым філосафам». Бо ён там разважае і пра жыццё і пра стаўленне чалавека да таго, што адбываецца ў свеце. Такія тэмы, як:«Чалавек і космас», «Чалавек і памяць», «Што застаецца пасля смерці чалавека?, «Чалавек і прырода»: там адбываецца падарожжа ва Уладзівасток і на Камчатку і там менавіта гэтыя тэмы яго вельмі цікавяць, і думка ідзе ў гэтым напрамку. 

 

Уладзімір Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930-га года. У беларускай літаратуры ён стаў пачынальнікам новага жанру — гістарычнага раману.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя