Як бальшавікі знішчылі царкву Святога прарока Іллі



На Піншчыне сабраны дзясятак успамінаў ад старажыл пра тое, як бальшавікі знішчалі праваслаўную святыню. Царква Святога прарока Іллі ў Пінкавічах, выява якой захавалася дзякуючы малюнку Язэпа Драздовіча, была разабраная атэістамі на дровы ў пачатку 1960-х гадоў.

pipink02-01

У мінулым годзе, сярод мясцовых жыхароў, з’явілася ідэя ўшанаваць памяць пра святыню, і на месцы царквы паставіць альбо капліцу, альбо крыж. Ініцыятыва перарасла ў цэлае даследаванне, і ўспаміны сведкаў тых падзей трапяць у брашуру па гісторыі святыні.

“Калі маеш сілы, то мусіш рабіць нешта карыснае”, – адзначае ініцыятарка Святлана Мажароўская:

– Прыйшла ў галаву такая думка – чаму ў Пінкавічах царква Пакроўская, а прастольнае свята адзначаем у Дзень Святога прарока Іллі? Гэтыя “пазлы” ніяк не супадалі. Я звярнулася з пытаннем да айца Міхаіла. І пасля гэтага вырашыла заняцца вывучэннем гісторыі нашай Іллінскай царквы.

Сярод успамінаў – аповед мясцовага 80-гадовага мастака Мікалая Казлоўскага, які ў час вайны хаваўся ў царкве ад нацыстаў, а таксама падрабязнасці аперацыі па знішчэнні царквы. Акрамя гэтага ўдалося аднавіць старажытнае паданне пра з’яўленне пінкавіцкаму пастуху на дрэве вяз абраза Святога прарока Іллі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота radzima.org