Як беларусы распальвалі ў Беластоку „Полымя”
У 1937 годзе ў беларускім віленскім літаратурна-навуковым часопісе „Калосьсе” №2 (11) была надрукавана кароткая зацемка прысвечаная стварэнню і дзейнасці беластоцкага Кааператыўнага таварыства працаўнікоў беларускага тэатру „Полымя”.
– У Беластоку мясцовыя Беларусы зарганізавалі нядаўна Коопэратыўнае Т-ва Працаўнікоў Беларускага Тэатру „Полымя”. Абшар дзейнасьці т-ва – тэрыторыя ўсяе Польшчы. Таварыства мае на мэце пашырэньне тэатральнае культуры сярод Беларусаў і фаховае асьветы ў сваіх сяброў, вядзеньне ўсялякіх тэатральных прадпрыемстваў, вядзеньне коопэратыўна-ўзгадаваўчай дзейнасьці і прапаганда сцэнічнага мастацтва і інш. Таварыства пачало ўжо працу дзеля зарганізаваньня струннага аркестру, хору і драматычнае групы. Акружны суд у Беластоку дн. 5-га лютага зарэгістраваў гэтую беларускую коопэратыўную пляцоўку.
Беластоцкі Гарадзкі Стараста пакараў старшыню таварыства гр-ку Ганну Абуковіч штрафам 200 зл., паводле беластоцкай прэсы, за тое, што арганізацыя адбылася без адпаведнага паведамленьня адміністрацыйнай улады. Гэты самы стараста ня даў таварыству дазволу зарганізаваць канцэрт у дзень 4-га траўня.
Паводле гісторыка Сяргея Чыгрына, які спасылаецца на ўспаміны Кастуся Сідаровіча, за арганізацыю кааператыва ўзяліся 12 чалавек — Ігнат Бакуновіч, Аляксандр Андрайчук, Лявон Богуш, Сяргей Крывец, Антон Кавальчук, Кастусь Сідаровіч, Базыль Лукашык, Пятро Дзямідовіч, Ганна Абуховіч, Уладзімір Маеўскі, Іван Гургэнбэнаў. Яны сабраліся на маёўцы ў Юраўцах. Там быў падрыхтаваны статут кааператыва, абгавараныя пытанні наконт стварэння хору, драмгуртка і аркестра народных інструментаў. Сядзіба кааператыва павінна была месціцца ў Беластоку на вуліцы Надрэчнай, 9.
У канцы 1930-х гадоў гэты тэатральны кааператыў быў на Беласточчыне даволі вядомы сваёй беларускай нацыянальнай дзейнасцю і актыўнасцю: ставіў спектаклі, меў струнны аркестр і хор. Аднак мясцовыя ўлады забаранялі дзейнасць „Полымя”: „Беластоцкі Тэатральны Беларускі Коопэратыў „Полымя” меўся ставіць два спэктаклі 16 і 17 кастрычніка ў м-ку Гарадок каля Беластока. Прыгатаваны былі п’есы: „Пакой у наймы”, „На вёсцы”, арганізавана струнная аркестра і хор. Падалі просьбу аб дазвол на спэктаклі, але Беластоцкі Павятовы Стараста прыслаў адмову, матывуючы тым, што ў гэтым часе і ў тым жа мейсцы „прамышляюць” ужо іншыя арганізацыі” („Беларускі летапіс”, № 10-11, 1937 г.).
Вуліца Надрэчная (праўдападобна будынак №9 недзе па левым боку).
Будынак у якім праўдападобна месцілася сядзіба кааператыва „Полымя”, знаходзіўся па вуліцы Надрэчная 9 (цяпер Бульвар Ірэны Сендлер/Bulwary Ireny Sendlerowej).
Кааператыўнае таварыства „Полымя” праіснавала ў Беластоку каля двух гадоў. У лютым 1938 года прадстаўнікі мясцовых уладаў правялі ў памяшканні кааператыва вобшук, падчас якога была канфіскавана ўся дакументацыя. Праца арганізацыі была прыпынена.
Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя