Як будзе выглядаць мемарыяльная дошка да 100-годдзя БНР



Бронзавы знак, які актывісты маюцца павесіць ў Менску на будынку, дзе 100 гадоў таму была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, ужо адвезлі ў ліцейны цэх.

Праз тыдзень мемарыяльная дошка будзе гатовая, паведаміў Радыё Свабода  скульптар Ігар Засімовіч.

«Сёння шыльда паступіла ў фармоўку і ў канцы тыдня пачнём яе адліваць, — удакладніў скульптар. — У наступныя панядзелак-аўторак застанецца завершыць апрацоўку, патынаванне, і дошка будзе цалкам гатовая. То бок, усе падрыхтоўчыя працэдуры завершаныя, засталіся фармоўка і адліўка. Як і абяцалі, да 20 сакавіка ўправімся».

1 сакавіка Менскі гарвыканкам дазволіў устанавіць мемарыяльную шыльду на вуліцы Валадарскага, 9.  Больш як 3 тысячы даляраў, неабходных для вырабу шыльды, былі сабраныя за некалькі гадзін на краўдфандынгавай платформе «Талака».

Вонкавы выгляд шыльды будзе адпавядаць узору, адлітаму яшчэ ў 1993 годзе вядомым скульптарам Алесем Шатэрнікам. Аднак стары варыянт выкананы са сплаву алюмінію і крэмнію і з цягам часу проста пачаў развальвацца.

Ігар Засімовіч падраўняў літары, выправіў напісанне тэксту ў адпаведнасці з афіцыйным правапісам, а таксама ўдасканаліў фігуру вершніка, якая раней складалася з трох частак.

Нагадаем, што ў першай палове 1990-х устанавіць ужо гатовы мемарыяльны знак так і не ўдалося, справа застопарылася на ўзроўні сталічных чыноўнікаў.

planetabelarus.by