«Як бы чаго не здарылася»



«Як бы чаго не здарылася». Выстава пад такой назвай, прысвечаная цэнзуры і самацэнзуры, адкрылася ў Берасці. Экспазіцыя калектыўная і з беларускіх гарадоў дагэтуль выстаўлялася толькі ў Менску. Падрабязней апавядае адзін з куратараў выставы Аляксей Талстоў:

Мы сабралі з таго, што было ў Менску, такі селект, найбольш рэпрэзентатыўныя працы. У асноўным гэта Усходняя Еўропа, то бок наш Усходнееўрапейскі рэгіён: Расея, Украіна, Беларусь.

Ініцыятарам адкрыцця выставы ў Берасці выступілі прадстаўнікі тэатру «Крылы Халопа», у прасторы якога ўласна і змясцілі экспазіцыю. Дырэктар Прасторы Аксана Гайко не па чутках знаёмая з цэнзурай у сферы культуры горада над Бугам:

Я даволі траўмаваная гэтымі момантамі. Больш за дзесяць гадоў былі забароны спектакляў, мы тады тры не гралі тут увогуле. Гэта быў дастаткова дэпрэсіўны час, бо, калі вы робіце прадукт, адрасаваны людзям тут, а граем мы яго толькі ў Еўропе, а не тут, узнікае пачуццё, што можа мы тут увогуле непатрэбныя. Даволі дэпрэсіўныя адчуванні з якімі я жыла пэўную колькасць гадоў.

Бліжэй пазнаёміцца з цэнзураванымі і самацэнзураванымі працамі беларускіх і замежных творцаў можна будзе да 24 снежня ўключна. Дзверы галерэі Прасторы тэатру Крылы Халопа адчынены з чацвярга па нядзелю, з 15:00 да 19:00 па адрасе: вул.Халтурына, 2/1.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце