Як чэхі адрадзілі родную мову
У наступным годзе вялікі юбілей для беларускай ды і ўсёй еўрапейскай культуры – 500 гадоў з часу выдання вялікім Францішкам Скарынам на старабеларускай мове першых кніг Бібліі. Усе нашы краіны-суседзі (Польшча, Расея, Украіна, Летува, Латвія) надрукавалі свае Бібліі на родных мовах пазней беларусаў. Але на сёння найбольш сумны стан мовы тытульнай нацыі менавіта ў Беларусі.
Войны і акупацыі не давалі шматлікім краінам гарманічна развіваць і ўдасканальваць родныя мовы. Кіроўныя і заможныя колы грамадства розных краін часта здраджвалі ёй і пераходзілі на мову акупантаў. Але, заўсёды знаходзіліся патрыёты, якія неверагодным чынам адраджалі гэтыя мовы. Прапануем чытачам цыкл кароткіх гісторый адраджэння родных моваў у розных краінах і нацыянальных рэгіёнах. І пачынаем з прыкладу Чэхіі.
Да 1993 года яна называлася Чэхаславаччына. Чэхі і славакі вырашылі жыць у асобных “кватэрах”, таму мірна разышліся. Чэхія, значна меншая за Беларусь па плошчы і амаль роўная па колькасці насельніцтва, першай са славян і другой пасля немцаў дала Сусвету друкаваную Біблію на роднай мове. Але праз пэўны час чэшскія землі сталі часткай Аўстрыйскай імперыі і чэшская мова перастала быць дамінуючай. Ужо напачатку 19 стагоддзя з-за анямечвання краіны толькі некалькі адсоткаў чэхаў яшчэ размаўлялі на роднай мове, астатнія на мове аўстрыйскіх каланізатараў, па-нямецку. Кнігі, газеты па-нямецку. Адукацыя-па-нямецку. Амаль усе лічылі чэшскую мову мёртвай.
Але, узнікае “Народны рух”, матываваны любоўю простых людзей да роднай мовы, якой здрадзілі больш адукаваныя і багатыя чэхі. Паступова фармуецца група інтэлектуалаў, якая робіць немагчымае. Ёзаф Даброўскі, які з-за скасавання езуіцкага ордэна не паспеў стаць езуітам, напісаў чэшскую граматыку на нямецкай мове, пазней, яго вучань Ёзаф Юнгман (на фота) з калегамі склаў ажно 5-томны слоўнік чэшска-нямецкай мовы, далей мову папулярызавалі, рабілі “гламурнай”. Асаблівы штуршок адбыўся пасля рэвалюцыі 1848 году. Пачатковыя школы па-чэшску ўзніклі ў канцы 18-га стагоддзя, гімназіі – пасля 1848 году, Карлаў універсітэт падзяліўся на чэшскую і нямецкую мовы толькі ў 80-ыя гады 19 ст. Раней на “вульгарнай” чэшскай мове было сорамна размаўляць, бо яе лічылі вясковай, дык праз колькі год, тыя, хто хацеў лічыць сябе важнай персонай, размаўлялі ўжо па-чэшску. Калі патрыёт краіны – то і патрыёт сваёй мовы!
Філолагі прыдумвалі новыя сучасныя словы па-чэшску, бралі з суседніх славянскіх моваў, так было амаль усё 19-е стагоддзе.У 1918 годзе пасля развалу Аўстра-Вугорскай імперыі чэхі сталі назалежнымі і чэха-славацкая мова стала дзяржаўнай, адкрываліся новыя ўніверсітэты, школы, тэатры, газеты. Прысутнічала і нямецкая мова –нямецкамоўныя немцы, чэхі, універсітэты, тэатры. Доўгі двухмоўны перыяд паступова выкрышталізоўваў, рафінаваў чэшскую мову, рабіў “плаўнае пагружэнне” у мову тых, каму гэта давалася асабліва цяжка. З атрыманнем Незалежнасці стала магчымым яе вольнае развіццё ва ўсіх сферах дзейнасці жыхароў краіны, гэта быў новы штуршок для яе пашырэння і ўдасканалення.
Першы прэзідэнт Чэхаславаччыны Томаш Масарык пісаў, што ў барацьбе за мову чэхі сталі “філалагічным” народам. Чэх казаў: я чэх, таму кажу па-чэшску. А хутка і эканоміка пайшла ўгару. Вартыя жалю і неразумення былі нямецкамоўныя чэхі, пра якіх пісаў сусветнавядомы чэшскі пісьменнік Яраслаў Гашэк у “Прыгодах бравага салдата Швейка”: “…Лукаш быў тыповым кадравым афіцэрам прагніўшай Аўстрыйскай імперыі. Кадэцкі корпус выхаваў з яго гібрыда. …Ён размаўляў па-нямецку, пісаў па-нямецку, але кнігі чытаў чэшскія. Ён глядзеў на чэшскі рух, як на нейкую таемную арганізацыю, якую лепш абыходзіць дзясятай дарогай.”
Адроджаная чэшская мова стала бар’ерам на шляху экcпансіі нямецкамоўных. Калі габрэі адрадзілі сваю мову за некалькі дзесяцігоддзяў, то чэхі адраджалі больш 100 гадоў. “Беларускае зерне” ж два разы за стагоддзе было пасеянае ў непадрыхтваную гарадскую глебу, без уліку шматлікіх фактараў “холаду”. Цяпер гэтае “зерне” зноў трэба перасяваць.
Сёння нямецка-аўстрыйскі бізнэсовец, які хоча атабарыцца ў Чэхіі, вучыць чэшскую мову. Чэхі выбралі родную мову, нямецкую пакінулі нямецкамоўным, а потым з развіццём эканомікі з’явілася і якасная каўбаса. Дык мову, ці каўбасу спачатку выбіраюць разумныя народы, што пазбавіліся каланіяльнай залежнасці? Сёння ў Празе чэшскія прадаўцы, акрамя роднай мовы, валодаюць і расейскай і ангельскай, а нехта карыстаецца і іншымі мовамі.
Да слова чэхі працягваюць і сёння прыдумваць родныя назвы замест замежных, якія ў расейскую мову прыходзяць з ангельскай фактычна без перакладу…а былому рэктару Карлава ўніверсітэту Ёзафу Юнгману ў Празе стаіць помнік на плошчы названай яго імем.
Алесь Крой, адмыслова для Беларускага Радыё Рацыя