Як „Галіяфы” папулярызуюць літаратуру?
Выдавецтва “Галіяфы” вынайшла новы спосаб папулярызацыі беларускай літаратуры. Вечарына “Чытачы беларускай літаратуры, АУ!” прайшла ў аднайменнай кнігарні ў фармаце “хуткіх спатканняў”. Толькі замест звычайных знаёмстваў удзельнікам прапанавалі пагутарыць пра ўлюбёную беларускую кнігу. “Гэта першая спроба перарабіць сватаўство ў сустрэчу з натхнёнымі людзьмі,” – гаворыць кіраўніца праекта Алеся Птушка.
– Наша мерапрыемства прысвечана беларускай літаратуры і тым людзям, якія яе любяць. Фармат “хуткіх спатканняў” даўно існуе ў свеце. Хтосьці проста напіша сабе спіс кніг і пасля будзе хадзіць у бібліятэку чытаць, хтосьці пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, з якімі пасля будзе падтрымліваць кантакт. Таксама важная рэч тут – адцягнуць людзей ад камп’ютараў.
“Спадзяемся, што атрымаецца заахвоціць людзей чытаць і гаварыць пра беларускую літаратуру,” – падсумавала Алена Птушка. Вечарына прайшла ва ўтульнай і сяброўскай абстаноўцы. На наступных сустрэчах арганізатары прагназуюць удзел вядомых айчынных пісьменнікаў.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота bel.sputnik.by