Як кажуць – прыплылі
Інфраструктура Аўгустоўскага канала не прыгатавана належным чынам да пачатку летняга сезона, які афіцыйна адкрыўся 31 траўня бягучага года. Улады плануюць на працягу лета скончыць будаўніцтва хостэла, кавярні і стаянкі для аўтобусаў на шлюзе “Дамброўка”.
Аб больш буйных праектах размова увогуле не ідзе – адсутнасць інвестыцый не дазваляе ажыццявіць будаўніцтва гатэляў, забаўляльных цэнтраў і рэстарацый на Аўгустоўскім канале, у рэканструкцыю якога былі ўкладзеныя сотні мільёнаў даляраў.
Намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Рэспубліканскі турыстычна–спартыўны саюз” Сяргей Каляда сцвярджае, што ў сённяшніх умовах вядзення справаў такім чынам непрымальна:
– Дзяржава выдаткавала вялікія сродкі, а аддачы няма ніякай. Няма ніякай інфраструктуры. “Песні”, якія ўлады нам “спявалі”, аказаліся хлуснёй. Як кажуць – прыплылі! Пакатацца па канале, зразумела, цікава. Але ж трэба, каб там была адпаведная інфраструктура. Да нас не едуць турысты менавіта з-за гэтага.
Адсутнасць фінансавых сродкаў на будаўніцтва інфраструктуры Аўгустоўскага канала гарадзенскія ўлады плануюць кампенсаваць шырокай сеткай аграсядзібаў у раёне турыстычнага аб’екта. Апроч таго, ёсць жаданне прыцягнуць грошы з праграмы транспамежнага супрацоўніцтва “Польшча – Беларусь – Украіна”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота belarus.by