Як на “Славянскім базары” гандлююць па-беларуску
“Кірмашовая” частка міжнароднага фэсту папулярная ў віцяблян і гасцей гораду нават больш за спеўную. Прамысловыя прадпрыемствы прапануюць сваю прадукцыю без гандлёвых нацэнак, харчовая прамысловасць таксама ладзіць распродажы. Але самыя папулярныя месцы, дзе можна атрымаць яшчэ й эстэтычнае задавальненне, – гэта шэрагі народных майстроў і рамеснікаў.
Шмат хто прапануе вырабы з беларускім нацыянальным каларытам, але родная мова гучыць у цэнтры Віцебску толькі ў адной гандлёвай кропцы.
Сувеніры і ўпрыгажэнні з арнаментамі, “Пагоняй” прапануе Уладзімір Рамановіч:
– Мы прасоўваем беларускую культуру, беларускі арнамент. Бяруць і “Пагоню”, а ячшэ мы зрабілі ўпрыгажэнні з нашымі беларускімі кветкамі – бэзам, рамонкамі, дзмухаўцамі, валошкамі. Адмысловая замша, еўрапейская фурнітура і нашы беларускія рукі! Калі людзі чуюць беларускую мову, то часта спыняюцца: “О, як прыгожа вы гаворыце па-беларуску!”. Слухайце, калі ласка!
Уладзімір Рамановіч і ягоная жонка Аляксандра Звездзянкова – заснавальнікі брэнду belarusam.by. Пад ім выпускаюцца і тэкстыльныя рэчы, і канцылярскія вырабы. Але на “Славянскім базары” найбольшым попытам карыстаюцца ўпрыгажэнні – бранзалеты, завушніцы, падвескі, усё гэта Аляксандра робіць сваімі рукамі:
– Усё, нават мацаванні на значыкі, я сама ставіла, усе бірулькі, бранзалеты, завушніцы… Нават рукі ў мяне з апёкамі – бо гарачы клей. Калі бачыце рамесніка, а ў яго чыстыя, акуратныя рукі – бяжыце ад яго. Я смяюся, але, на жаль: нават зараз прайшлася – стаяць людзі, а ў іх усё замоўлена з Кітаю.
У беларускіх майстроў можна набыць арыгінальныя керамічныя вырабы і нават атрымаць майстар-клас на ганчарным коле, шмат вышыванак і ручнікоў, сувеніраў з саломкі, лазы, дрэва. Але нават тыя, хто ад усёй душы імкнецца захоўваць і развіваць народныя рамёствы, у зносінах з пакупнікамі практычна не карыстаюцца роднай мовай.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя