Як нараджаўся “Народны альбом”
Пасля 20 гадоў ад сваіх вытокаў “Народны альбом” прагучыць у Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку.
І госць у нашай студыі – Цэзары Галінскі – супрацоўнік “Белсата”, а таксама сведка нараджэння “Народнага альбома”.
РР: Перада мной Ваш артыкул 1998 года з “Gazety Wyborczej”. Нагадаю, што Цэзары Галінскі – першы карэспандэнт “Gazety Wyborczej” у Менску ў 90-ыя гады. Гэта якраз той час, калі запісваўся “Народны альбом”. 16 студзеня 1998 года ў “Gazecie Wyborczej” з’явіўся вялікі артыкул: “Народны альбом” – першая беларуская рок-опера, сенсацыя сезону – але толькі для інтэлігенцкай эліты.
У звязку з тым, калі глядзіш, што адбываецца сёлета, на гэтае змаганне за квіткі, ці Вы бачыце зрух наперад? Наша эліта вырасла?
Цэзары Галінскі: Так, канешне. Для мяне гэта было вялікім здзіўленнем. Я думаў, што 20 гадоў – гэта вялікі час, які прайшоў з 1997-1998 гг. І за гэты час, як мне падавалася, маладое пакаленне можа яшчэ памятае некаторыя песні, але не будзе аж так масава, так прыхільна ставіцца да праекта, які быў партызанскім, скіраваным, як нам тады падавалася, да выбраных людзей. Канешне, разлічвалі на тое, што гэта будзе развівацца, даходзіць да больш масавай публікі.
Песні з гэтага альбома некаторыя могуць назваць папсой. І яна мелася быць папсой, шаржам на расейскую папсу. Аднак унікальнасць у тым, што песні сведчаць пра дэмакратычнасць, у якой ствараўся “Народны альбом”, дзе спявалі не толькі такія вядомыя выканаўцы, як Кася Камоцкая, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, але і іх сябры ды калегі па працы. Некаторыя выканаўцы з гэтага альбома эмігравалі, некаторых, на жаль, ужо няма з намі.
Альбом ствараўся ў абсалютна непаўторнай атмасферы, а менавіта ў атмасферы адзінага беларускамоўнага камерцыйнага радыё «101,2», з якім я быў вельмі блізка звязаны. Нават геаграфічна і тапаграфічна.
РР: Частка працы праводзілася ў тваёй кватэры…
Цэзары Галінскі: Так. Я жыў у кватэры на Інтэрнацыянальнай у Менску, а на Рэвалюцыйнай месцілася сядзіба радыё, яго офіс. І мы бачыліся выпадкова нават некалькі разоў у суткі. Таму няма нічога дзіўнага, што нават у маёй кватэры праводзіліся нейкія размовы, дыскусіі. Захаваліся нават пэўныя ўспаміны і сувеніры. Я нават сказаў бы – артэфакты. Адзін з іх я прынёс сёння ў вашу студыю.
Гэта першыя эскізы вокладкі і графічных макетаў “Народнага альбома”, якія разам малявалі тады Лявон Вольскі і стваральнік усёй канцэпцыі Міхал Анемпадыстаў.
РР: Вы не толькі прымалі актыўны ўдзел у стварэнні гэтага праекта, але сталі прататыпам аднаго з персанажаў “Народнага альбома”. Скажыце, калі ласка, прататыпам Болека ці Лёлека Вы сталі і як гэта здарылася?
Цэзары Галінскі: Гэтая гісторыя, як нам вядома, шпіёнская, а значыць таямнічая, ніколі да канца не раскрытая. Але насамрэч ёсць версія, што я і мой калега, карэспандэнт “Польскага радыё” Валодзя Пац сталі прататыпамі гэтых герояў, бо на той час я быў першым замежным карэспандэнтам у Беларусі, пасля прыехаў Валодзя Пац. Мы хадзілі ўвесь час разам на канферэнцыі, маніфестацыі, акцыі апазіцыі, а таксама вялі нефармальнае грамадскае жыццё. І калі з’явілася гэтая песня, то асацыяцыі ва ўсіх знаёмых журналістаў, артыстаў былі пра нас. Мы, зразумела, зрабілі разведку, праверылі інфармацыю ў Анемпадыстава і Вольскага, якія не запярэчылі. І нам гэтага было дастаткова. Так мы сталі часткай легенды тых часоў.
РР: У альбоме хапае польскіх акцэнтаў…
Цэзары Галінскі: Так. І тут хацеў бы сказаць яшчэ пра адно культавае, знакавае прозвішча – Пясэцкі.
Я браў удзел у размовах, творчых планах “Народнага альбома” і чуў, што будзе песня пра Казіка Пясэцкага. Але я быў тады цалкам перакананы, упэўнены, што гэта і ёсць даніна пашаны, даніна памяці Сяргею Пясэцкаму – кантрабандысту, шпіёну, пісьменніку, які насамрэч дзейнічаў у Ракаве, хадзіў з таварам і шпіёнскімі місіямі ў Менск, а потым пра ўсё гэта распавёў, седзячы ў польскай турме, у сваіх раманах.
РР: І, верагодна, ён быў слуцкім паўстанцам.
Цэзары Галінскі: Так, у “Зялёным Дубе” быў партызанам, слуцкім паўстанцам.
І калі я выпадкова сказаў пра ўсё гэта Міхалу Анемпадыставу, той зрабіў вялікія вочы. Бо, як аказалася, ён не ведаў прозвішча Пясэцкі. І тады адбылася яшчэ адна шпіёнская аперацыя. У мяне не было тады ў Менску ніякай кніжкі Пясэцкага. Я хуценька пацікавіўся ва ўсіх знаёмых, хто можа знайсці яе, даслаць ці прывезці. І першай адгукнулася мая знаёмая, французская журналістка, якая на той час працавала ў Вільні. Яна знайшла кніжгу Пясэцкага “Bogom nocy równi” ва ўніверсітэцкай бібліятэцы ў Вільні і прывезла ў Менск. І так атрымалася, што гэтая кніга ў Вільню не вярнулася. Я пазычыў яе Міхалу, і калі яна была ім прачытаная, вярнулася да мяне праз года паўтара. Пасля пайшла па руках. І ўся польскамоўная публіка пачала перачытваць Пясэцкага. Тады ж з’явіліся і першыя пераклады.
Паслухаць, як гучыць “Народны альбом” пасля 20 гадоў яго прэм’еры, можна ў нядзелю, 4 верасня, у 18 гадзін у Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку. Прадзюсар спектаклю – тэлеканал “Белсат”. Канцэрт адбудзецца ў рамках фестывалю “Усход культуры. Іншае вымярэнне”.
Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя