Як Ніл Гілевіч у палешука іспыт прымаў



“Я зараз побач, тут…”. Цяжка нават уявіць, колькі людзей жадала б сёння пачуць гэтыя словы з вуснаў Анатоля Шушко, а не моўчкі прачытаць іх у ягоным творы “Маналог”. А колькі б людзей сабралася 19 ліпеня павіншаваць яго з 65-годдзем. Сто адсоткаў, без імпрэзы ў родных Сташанах не абышлося б, і ўрачыстасці з нагоды дня нараджэння закранулі б розныя куткі Піншчыны. Гэта прызнанне, народная пашана чалавеку, які па праву з’яўляецца гонарам пінскага краю.

І юбілейныя мерапрыемствы адбудуцца, толькі вось без яго напасрэднага ўдзелу, але ў думках… Установы Пінскай раённай бібліятэчнай сістэмы падрыхтавалі пяць літаратурных вечароў, прысвечаных паэту, педагогу Анатолю Шушко, якога заўчасна не стала ў лістападзе мінулага года.

Пры жыцці яму давялося выдаць два ўласных зборніка паэзіі: “Выток і прычасце” (1994) ды “Шаны” (2012). Трэці, пасмяротны, з’явіўся сёлета напачатку чэрвеня. І справа тут не ў колькасці кніг, бо можна выдаць адну і неверагодна аздобіць літаратуру, а можна напісаць дзясяткі і быць недзе ў шэрасці графаманства. Анатоль Шушко плённа папрацаваў на карысць беларускай літаратурнай палічкі. Ён, сапраўды, заняў сваё, можа сціплае, якім быў па жыцці, але ж месца ў літаратуры нацыянальнага маштабу. Таму Піншчына ганарыцца ім, бо землякі ўсведамляюць, што творы ягоныя не правінцыйная аматаршчына.

Адназначна – літаратар хацеў яшчэ большага, намагаўся максімальна праявіць сябе. Толькі жыццё, не ўсё бывае так, як хацелася. У адным з інтэрв’ю Беларусскаму Радыё Рацыя паэт шчыра сказаў: “Амбіцыі былі, мары былі, але замінала сарамлівасць. Успамінаю таго Толю Шушко, 17-гадовага палескага хлопца, аж сорамна неяк. Дзве гадзіны мог стаяць пад дзвярыма, каб зайсці ў кабінет да рэдактара аддзела паэзіі часопіса “Маладосць” Мікалая Аўрамчыка… Хацелася, як зямлякі Яўгенія Янішчыц або Алесь Разанаў, выпусціць першую кнігу вершаў у студэнцкія гады, але лёс распарадзіўся інакш. У гэтым сэнсе дэбют адбыўся ў 1994 годзе, калі свет убачыў мой першы зборнік паэзіі “Выток і прычасце”. Першая кніга паэзіі магла з’явіцца значна раней, у пачатку 1980-х гадоў. Тады прыехаў у Каралішчавічы, што пад Менскам. У гэтай вёсцы быў Дом творчасці, дзе маглі жыць і працаваць і пачаткоўцы-літаратары, і майстры Саюза пісьменнікаў БССР. Хто там толькі не быў: Уладзімір Арлоў, Алег Мінкін, Уладзімір Мазго, Уладзімір Ягоўдзік, Васіль Сахарчук, Мікалай Мятліцкі і цэлая абойма сучасных беларускіх аўтараў. Асабістае жыццё складвалася інакш, пакінуў той край…”.

Жыццёвы вір добра захапіў Шушко. Рознымі шляхамі давялося прайсці. Настаўнічаў на Піншчыне і на Свіслаччыне. Працаваў рабочым і будаўніком, выхавальнікам Пінскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот, вартаўніком, карэспандэнтам раённых газет. Добра вядома, што таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім!

Ужо пасля смерці Анатоля Іванавіча выпадкова адшукалася невялічкае відэа, якое не менш выпадкова было запісана 24 лістапада 2014 года. Ладзілася сустрэча паэта з юнакамі, рабіліся толькі здымкі і, паблытаўшы функцыі, атрымаўся відэазапіс. Цікавы факт, прыемны ўспамін з нагоды юбілею.

Беларускае Радыё Рацыя