Як тэатр “Лялька” віншуе  з Новым годам па-беларуску



Віцебскі лялечны тэатр – адзіны ў Беларусі, які мае выключна беларускамоўны рэпертуар.

Не сталі выключэннем і сёлетнія навагоднія пастаноўкі, прычым для маленькіх гледачоў  у “Ляльцы” падрыхтавалі не толькі  новы спектакль, але і вялікую забаўляльную праграму, распавяла кіраўніца літаратурна-драматычнай часткі тэатру Людміла  Сіманёнак:

– Спектакль, які адбываецца ў глядзельнай зале, мае назву “Казка Дзеда Мароза”. Казка ў гэтым годзе ў вершах. Дзядуля Мароз ходзіць па зале, пытаецца ў дзетак, якую казку яны любяць. Потым яны разам абіраюць любімую казку, і разам з яе героямі сустракаюць Новы год.

Зрэшты, маленькіх гледачоў чакаюць і ў фае тэатру – тут абсталявалі навагоднія фотазоны, для  дзетак і дарослых праходзяць майстар-класы, а таксама кожны ахвотны можа напісаць свае віншаванні  і пажаданні Дзеду Марозу.  А вялікую прастору каля гардэробу ператварылі ў яшчэ адну сцэнічную пляцоўку: на ёй паказваюць інтэрактыўную пастаноўку з гульнямі і танцамі, якую прыдумала актрыса тэатру Вольга Маханькова. Сцэнар напісала вядомая літаратарка Вольга Прусак, якую аматары тэатру ведаюць як аўтарку сур’ёзных п’ес для дарослых.  Распавядаючы пра сюжэт, яна знарок не раскрывае ўсіх таямніц, прызначаных для гледачоў:

– Там ажываюць лялькі, але гэта сакрэт, чые гэта лялькі. Ёсць лялькі-акторы, а ёсць сапраўдныя лялькі –персанажы. І гэта самы вялікі сюрпрыз: яны з’яўляюцца ў самых нечаканых месцах, і гледачы часам нават палохаюцца і крычаць: “Ааааа!” 

Вядома ж, усур’ёз не палохаецца ніхто, і гледачы з задавальненнем знаёмяцца з героямі пастаноўкі і паміж сабой. Дарэчы, акторы-удзельнікі адзначаюць, што з кожным годам у тэатр усё часцей прыходзяць  цэлымі сем’ямі. Значыць, у “Ляльцы” цікава не толькі дзецям, але і дарослым.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя