Як у Беластоку з’езд БСРГ разганялі



14 лістапада 1926 года ў будынку беластоцкага кіно „Polonia”, якое месцілася побач з царквой св. Мікалая па адрасу вуліца Пілсудскага 18 (сучасная вуліца Ліповая, будынак не захаваўся), быў арганізаваны з’езд Беларускай сялянска-работніцкай грамады Беластоцкага павета.

Артыкул прысвечаны з’езду ў газеце „Народная справа” №36, 1926 (Вільня)

У з’ездзе прыняло ўдзел 230 дэлегатаў і дэпутаты: Павел Валошын, Сымон Рак-Міхайлоўскі і Пятро Мятла. Апрача абрання прэзідыума з’езда, на ім таксама была прадстаўлена справаздача Сеймавага клубу Беларускай сялянска-работніцкай грамады. З гэтым з’ездам звязаны і пэўны інцыдэнт. Правядзенне з’езда было прыпынена з-за таго, што падчас пасяджэння ў арандаванае памяшканне ўварваліся, правакатары, мэтай якіх быў разгон дэлегатаў, але беларусы хутка адбілі напад. Аднак з’езд быў канчаткова сарваны пасля таго, як уласнік будынку выключыў святло ў памяшканнях. Калі дэлегаты пакідалі залу, аказалася, што тэатр аточаны кардонам паліцыі. Удзельнікаў з’езду абшукалі, а некаторых з іх арыштавалі.

Карыкатура з часопіса „Маланка” №17, 1926 (Вільня)

У другім паўгоддзі 1926 г., на тэрыторыі Беласточчыны ў гуртках БСРГ дзейнічала каля 5 тысяч чалавек. Амаль у кожнай беларускай вёсцы быў гурток або некалькі членаў партыі.

„Народная справа” №36, 1926 (Вільня)

Польская адміністрацыя заўважыўшы рэальную пагрозу таго, што ўладу ў рэгіёне могуць пераняць беларускія дзеячы, выкарысталі правакацыі, якія мелі месца падчас павятовых з’ездаў Грамады. Толькі арышты кіраўніцтва і мясцовых актывістаў БСРГ, у тым ліку і на Беласточчыне, спынілі далейшае развіццё гэтай найбуйнейшай беларускай сялянскай палітычнай партыі. У турму, сярод іншых, трапілі старшыня Павятовага камітэта ў Беластоку Аляксандр Грэсь, сакратар камітэта Васіль Казлоўскі ды старшыня Сакольскага камітэта Ян Гелда.

Ілюстрацыя з часопіса „Маланка” №14, 1926 (Вільня)

Беларускае Радыё Рацыя