Як ушанавана памяць пра Тадэвуша Касцюшку ў Беларусі



Пакуль ідуць жарсці вакол усталявання помніка Касцюшку ў Швайцарыі, а беларуская грамадскасць збірае сродкі на ўшанаванне яго непасрэдна ў Беларусі, паспрабуем зрабіць агляд таго, што ўжо ёсьць на беларускай зямлі, звязанае з памяццю вялікага чалавека свайго часу.

Адразу адзначым, што паўнавартаснага помніка на ўвесь рост, ці тым больш на кані нацыянальнаму герою некалькіх краін у Беларусі дагэтуль няма.

Помнік-бюст Касцюшку ёсць на яго радзіме ў вёсцы Малыя Сяхновічы (Жабінкаўскі раён Берасцейскай вобласці). Там жа і дом-музей кіраўніка вызвольнага паўстання.

фота eurobelarus.info

Гісторыя гэтага помніка надзвычай цікавая. Ён быў пастаўлены яшчэ “за польскім часам”. Выраблены ў 1930-я гады. Захаваўся да нашых дзён пры анекдатычных акалічнасцях. Рэч у тым, што гэты Касцюшка з 1936-га да 1951 года стаяў у цэнтры Кобрына, прычым пасля другой сусветнай вайны таму, што яго прымалі за Аляксандра Суворава. Да 1988 года помнік захоўваўся ў Берасцейскай крэпасці. Музей створаны ўжо ў наш час у Малых Сяхновічах і невыпадкова. Менавіта гэтая мясцовасць належала роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх з 1509 года. Ведамы даследнік біяграфіі Касцюшкі Анатоль Бензярук сцвярджае, што Касцюшка нарадзіўся менавіта ў Сяхновічах.

Другі мемарыяльны комплекс створаны ў Мерачоўшчыне (Івацэвіцкі раён). Доўгі час тэрыторыя былой сядзібы Касцюшкаў была занядбаная. 

Так выглядала месца сядзібы ў 2000 годзе, фота аўтара

Версія пра Мерачоўшчыну (больш правільнай будзе назва па-беларуску Марачоўшчына, праз „а”) паблізу Косава як месца нараджэння Касцюшкі ўзнікла толькі праз 17 гадоў пасля яго смерці на падставе хутчэй усяго фальшывай метрыкі, якую яшчэ ў ХІХ стагоддзі крытыкавалі даследчыкі. Яна была напісана і зацверджана кансісторыяй у Вільні толькі ў лістападзе 1834 года. Тым не менш менавіта ў Мерачоўшчыне, дзякуючы найперш амерыканскай амбасадзе створаны сядзібны Дом-музей змагара за вольнасць народаў. Там жа ўсталяваны і камень з выявай Касцюшкі. На сядзібным доме адпаведная шыльда.

На пачатку 1990-ых памяць пра Касцюшку і яго паплечнікаў ушаноўвалася на дзяржаўным роўні. У 1994 годзе да ўгодкаў вызвольнага чыну была выпушчана адмысловая паштовая марка ў гонар змагара.

Паштовая марка ў гонар Касцюшкі

У Гародні ў 1994 годзе ўрачыста з удзелам амбасадараў некалькіх краін была адчынена мемарыяльная дошка паўстанцам на будынку Новага замку.

 

Шыльда ў Гародні ў гонар паўстанцаў 1794 года

Пасля 1994 года ідэалогія дзяржавы пачала мяняцца ў бок прыстасавання яе да расейскацэнтрычнай міфалагемы гісторыі. Адпаведна сталі ўшаноўвацца пераважна захопнікі – Сувораў, Сталыпін ды іншыя, адраджацца і насаджвацца яшчэ не зніклы культ крывавых сталіных-дзяржынскіх.

Імем Тадэвуша Касцюшкі названа ўсяго некалькі вуліцаў у беларускіх гарадах – у Пінску, Гародні, Берасці. Гэта надзвычай мала, тым больш, што прыкладам у горадзе над Нёманам гэта вельмі другарадная вуліца, дзе яна знаходзіцца – ня ведае нават бальшыня гарадзенцаў. У сённяшняй сітуацыі грамадскасць у пытанні ўшанавання Тадэвуша Касцюшкі і яго паплечнікаў можа спадзявацца толькі на свае сілы.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара