Як ушанаваны Тадэвуш Касцюшка ў Беларусі
4 лютага – 275-ыя ўгодкі з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі, палітычнага і ваеннага дзеяча Рэчы Паспалітай, лідара нацыянальна вызвольнага паўстання 1794 года, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША, ганаровага грамадзяніна Францыі. Як жа ўшанаваны гэты выдатны чалавек у Беларусі?
Сама першы помнік-бюст Касцюшку на тэрыторыі Беларусі быў усталяваны на яго радзіме ў вёсцы Малыя Сяхновічы (Жабінкаўскі раён Берасцейскай вобласці). Там жа і дом-музей кіраўніка вызвольнага паўстання.
фота eurobelarus.info
Гісторыя гэтага помніка надзвычай цікавая. Ён быў пастаўлены яшчэ “за польскім часам”. Выраблены ў 1930-я гады. Захаваўся да нашых дзён пры анекдатычных акалічнасцях. Рэч у тым, што гэты Касцюшка з 1936-га да 1951 года стаяў у цэнтры Кобрына, прычым пасля другой сусветнай вайны таму, што яго прымалі за Аляксандра Суворава. Да 1988 года помнік захоўваўся ў Берасцейскай крэпасці. Музей створаны ўжо ў наш час у Малых Сяхновічах і невыпадкова. Менавіта гэтая мясцовасць належала роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх з 1509 года. Ведамы даследнік біяграфіі Касцюшкі Анатоль Бензярук сцвярджае, што Касцюшка нарадзіўся менавіта ў Сяхновічах. Другі мемарыяльны комплекс створаны ў Мерачоўшчыне (Івацэвіцкі раён). Доўгі час тэрыторыя былой сядзібы Касцюшкаў была занядбаная.
Так выглядала месца сядзібы ў 2000 годзе, фота аўтара
Версія пра Мерачоўшчыну (больш правільнай будзе назва па-беларуску Марачоўшчына, праз „а”) паблізу Косава як месца нараджэння Касцюшкі ўзнікла толькі праз 17 гадоў пасля яго смерці на падставе хутчэй усяго фальшывай метрыкі, якую яшчэ ў ХІХ стагоддзі крытыкавалі даследчыкі. Яна была напісана і зацверджана кансісторыяй у Вільні толькі ў лістападзе 1834 года. Тым не менш менавіта ў Мерачоўшчыне, дзякуючы найперш амерыканскай амбасадзе створаны сядзібны Дом-музей змагара за вольнасць народаў. Там жа ўсталяваны і камень з выявай Касцюшкі. На сядзібным доме адпаведная шыльда.
12 траўня 2018 года на тэрыторыі мемарыяльнага музея-сядзібы Касцюшкі адбылося ўрачыстае адкрыццё незвычайнага помніка Тадэвушу Касцюшку. Збор сродкаў на ўсталяванне помніка быў ініцыяваны журналістам Глебам Лабадзенкам. Праект падтрымалі 690 чалавек, якія сабралі больш за 22 тысячы беларускіх рублёў. Імёны ўсіх ахвярадаўцаў будуць захоўвацца ў музеі. Помнік быў адліты ва Украіне паводле праекта беларускага скульптара Геніка Лойкі.
Ёсць мемарыяьны знак і ў Косаўскім касцёле
На пачатку 1990-ых памяць пра Касцюшку і яго паплечнікаў ушаноўвалася на дзяржаўным роўні. У 1994 годзе да ўгодкаў вызвольнага чыну была выпушчана адмысловая паштовая марка ў гонар змагара.
Паштовая марка ў гонар Касцюшкі
У Гародні ў 1994 годзе ўрачыста з удзелам амбасадараў некалькіх краін была адчынена мемарыяльная дошка паўстанцам на будынку Новага замку.
Шыльда ў Гародні ў гонар паўстанцаў 1794 года
Пасля 1994 года ідэалогія дзяржавы пачала мяняцца ў бок прыстасавання яе да расейскацэнтрычнай міфалагемы гісторыі. Адпаведна сталі ўшаноўвацца пераважна захопнікі – Сувораў, Сталыпін ды іншыя, адраджацца і насаджвацца яшчэ не зніклы культ крывавых сталіных-дзяржынскіх. Імем Тадэвуша Касцюшкі названа ўсяго некалькі вуліцаў у беларускіх гарадах – у Пінску, Гародні, Берасці. Гэта надзвычай мала, тым больш, што прыкладам у горадзе над Нёманам гэта вельмі другарадная вуліца, дзе яна знаходзіцца – ня ведае нават бальшыня гарадзенцаў.
Дамок па вуліцы Касцюшкі ў Гародні
15 снежня 2017 года ў Гародні адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай шыльды ў гонар Тадэвуша Касцюшкі. Памятная табліца ўсталявана ў гарадзенскім Фарным касцёле. Удзел у адкрыцці шыльды ўзялі прадстаўнікі консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні, прадстаўнікі ўлады і мясцовага каталіцкага духавенства. Адкрыццю шыльды папярэднічала ўрачыстая імша. Першая шыльда ў гонар Касцюшкі на сцяне катэдральнага касцёлу з’явілася сто гадоў таму. Акурат насупраць яе зараз яшчэ адна табліца з тэкстам, выкананая па-польску і па-беларуску.
Старая шыльда ў Гарадзенскім Фарным касцёле
Новая шыльда ў Гарадзенскім Фарным касцёле
У сённяшняй сітуацыі грамадскасць у пытанні ўшанавання Тадэвуша Касцюшкі і яго паплечнікаў можа спадзявацца толькі на свае сілы.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара