Як выглядала інтэрнаванне слуцкіх паўстанцаў



Напрыканцы снежня 1920 года Першая Слуцкая брыгада войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі вымушаная была адступіць перад націскам пераважаючых сіл бальшавікоў.

Ілюстрацыйнае фота. Касцяк Першага Беларускага партызанскага аддзела на чале з Лукашам Сяменікам (у цэнтры). Па правую руку ад яго – Юрка Моніч. За атаманам – Васіль Муха. Вёска Вялікае Стахава, 1919 г.

Камандванню бальшавіцкай 16-й арміі было даручана ачысціць нейтральную зону ад паўстанцаў. Польскія ўлады далі дазвол на ўваход 4 снежня савецкіх войск (8-й і 17-й стралковых дывізій) у нейтральную зону на тры дні, выказаўшы адмоўнае стаўленне да паўстанцаў. Аднак камандаванне Слуцкай брыгады, карыстаючыся падтрымкай насельніцтва, вывела асноўныя сілы з-пад удару бальшавіцкага войска. Баі вяліся ў раёнах Капыля, Семежава і Вызны. Толькі ў раёне Семежава частка атрадаў паўстанцаў была разбіта і 7 снежня перайшла польскую мяжу. 

Штаб Слуцкай брыгады пасля адступлення знаходзіўся ў в. Грыцэвічы, у 2 км ад р. Лань, у нейтральнай зоне, але на тэрыторыі, якая паводле папярэдняй мірнай дамовы адышла да Польшчы. Перагрупіраваўшыся, паўстанцы зноў перайшлі ў наступ. У ноч на 10 снежня яны занялі вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, а потым в. Старынь. Жаўнеры брыгады зрабілі спробу адціснуць атрады чырвоных з занятых пазіцый. Быў пачаты наступ на мястэчкі Семежава і Вызна. У ноч на 13 снежня паўстанцы адбілі Семежава, дзе захапілі шмат боепрыпасаў.

Штабу Слуцкай брыгады давялося перабрацца ў вёску Заастравечча (Клецкі раён) каля ракі Лань, за якой стаялі польскія войскі. У гэтым месцы збіраліся ўсе астатнія аддзелы брыгады.

Ілюстрацыйнае фота. Супольнае фота паўстанцаў Лукаша Сяменіка з польскімі вайскоўцамі. Вялікае Стахава, 1919.

Рада Случчыны прыняла рашэнне пра пераход Слуцкай брыгады праз раку Лань. Перад самым пераходам 1-ы Слуцкі полк БНР за ўдзел у баях атрымаў ад Рады палкавы сцяг. 

Сцяг Першага Слуцкага палка.

28 снежня 1920 года палкі Слуцкай брыгады перайшлі Лань. Жаўнеры і афіцэры, здаўшы зброю польскім уладам, былі інтэрнаваныя ў часовым лагеры ў мястэчку Сіняўка (Клецкі раён), потым пераведзены ў лагер для інтэрнаваных у Беластоку, а пасля — у Дарагуску. 

Інтэрнаваныя палякамі жаўнеры знаходзіліся ў вельмі цяжкіх умовах. Маючы дрэннае харчаванне яны павінны былі цяжка працаваць. Нягледзячы на гэта ў лагеры праводзілася культурна-асветніцкая праца, часамі на вечарынах ставіліся п’есы беларускіх аўтараў і дэкламаваліся вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа і Алеся Гаруна, а хор выконваў песні. 

29-га красавіка ў газеце „Наша Думка” (№17, Вільня, 1921 г), быў апублікаваны ліст паўстанцаў з лагера ў Беластоку, які сведчыў пра тое, у якім гаротным становішчы яны апынуліся на чужыне:

„Ліст ад беларускіх паўстанцаў 1-ае Слуцкае Брыгады стральцоў войск Б.Н.Р. з Беластоцкаго канцэнтрацыйнага лагера.

Паважаны пане рэдактару. 

Вельмі просім памясьціць у газэце „Наша Думка” ніжэйнапісанае.

Ужо тры з лішнім месяцы мы, Слуцкія паўстанцы, сядзім за дротам у чужацкай няволі, голыя, босыя, абадраныя і паўгалодныя. Да гэтага часу мы ня ведаем, дзе знаходзіцца „Глава нашага паўстаньня” – Рада Случчыны і што робіць яна дзеля нашага вызваленьня? Вельмі цікава ведаць, дзе і што робяць Старшыня Рады У. Пракулевіч і палітычны камісар П. Жаўрыд? Можа яны будуць ласкавы, пачуўшы наш голас праз „Нашу Думку”, даведаюцца нас і тым падтрымаюць наш дух, бо ўсё-такі яны правадыры нашае ідэі. 

Паўстанцы.” 

6-га траўня ў „Нашай Думцы” (№18, 1921 г) з’явілася зацемка датаваная 18 красавіка, якая была прысвечана побыту і ўмовам утрымання ў лагеры для інтэрнаваных у мястэчку Дарагуск:

„У лагеры інтэрнаваных.

Каля ст. Дарагуск, Холмскае губ., у бараках, аплеценых калючым дротам у колькі радоў і абстаўленых польскімі жаўнерамі па ўсіх кустох, знаходзяцца нашы беларусы, – інтэрнаваная  1-ая Слуцкая брыгада стральцоў В. Б. Н. Рэспублікі. 

І вось, ня гледзячы на тыя цяжкія варункі, у якіх знаходзяцца інтэрнаваныя: бяз вопраткі, без бялізны, босыя, ня маючы у кішэні ні аднаго рубля, ні аднае польскае маркі, працуючы з раніцы да вечара, як якія катаржнікі, ня ведаючы ні сьвята, ні будня, – усё-такі не забываюцца на сваю Бацькаўшчыну і яшчэ пашыраюць беларускасць, стараюцца паказаць гэтым тутэйшым людзём, што беларусы – народ і што гэты народ павінен жыць, як яму хочацца. 

Інтэрнаваныя вельмі хораша паказалі сябе на йгрышчы, якое ставілі ў нядзелю 17-га гэтага красавіка ў салі барака абозу інтэрнаваных, з дазваленьня камандзера абозу інтэрнаваных у Дарагуску. 

Дзякуючы прыезду з адзела асветы артыста Б. К. В. п. Русака і вельмі прыхільным адносінам усіх афіцэраў і жаўнераў інтэрнаваных, праз колькі дзён падгатавалі і разыгралі на сцэне 2 камэдыі – „Міхалка”” і „Па рэвізіі”. Ня маючы ніякіх крыніц, адкуль можна дастаць усё патрэбнае дзеля сцэны, усё-такі зрабілі больш, чым можна было зрабіць, і паставілі спэктакль у хораша дэкарыраванай ельнікамі і хвоямі салі, на скора зробленай сцэне, пры поўнай салі людзей, якія, апрача запрошаных ганаровых гасцей, прышлі пацікавіцца на беларускі вечар, яшчэ у першы раз тут пастаўлены. (Тут былі, пачынаючы ад камандзера абозу п. палкоўніка, усіх тутэйшых польскіх афіцэраў з жонкамі і польскіх жаўнераў, штат цывільнае публікі, як жыдоў, так і тутэйшых грамадзян-украйнцаў).

Абедзьве камэдыі разыгралі вельмі прыгожа, і публіка ня магла падзівіцца, што інтэрнаваныя беларусы маглі так пекна выпаўніць на сцэне.

Найлепш выпаўнілі свае ролі, у камэдыі „Міхалка” – пана Карыту паруч. Шурпа, Міхалку – жаўнер Самойлік, а ў камэдыі „Па Рэвізіі” – роль Пантурчыхі – кап. Залескі, пісара – п. Русак, і старшыні паручн. Сямашка, і астальныя сыгралі вельмі добра. Але ня меншы настрой усім часьцям чым ігра на сцэне зрабілі сьпевы і дэклямацыя. 

Хор пад кіраўніцтвам спрактыкаванага рэгента паручніка Сямашкі споўніў некалькі нацыянальных беларускіх песень, сьпеўшы напачатак нашу марсэльезу, а пасля былі прадэклямаваныя п. Русаком і некаторымі інтэрнаванымі афіцэрамі вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы і Алеся Гаруна.

Па канцы ўсяго сам п. палкоўнік вельмі дзякаваў, што так добра выпаўнілі вечар.

Гэты вечар ад пачатку да канца насіў адпячатак шчырага каханьня ўсяго свайго роднага і паказаў, што мы людзі, што над намі ня можна сьмяяцца, што мы сыны цэлага народу, што гэты народ маё сваё прошлае, сваю мову, сваіх поэтаў, латэратуру, што гэты народ бязмерна шчыра кахае сваю Бацькаўшчыну.

Ванагас. 

м. Дарагуск, 18 красавіка 1921 г.”

Інтэрнаваныя ўдзельнікі Слуцкага паўстання былі вызваленыя толькі ў траўні 1921 года, пасля падпісання (сакавік 1921 г.) і ратыфікацыі канчатковай бальшавіцка-польскай мірнай дамовы.

Варта прыгадаць і далейшую гісторыю сцяга Першай Слуцкай брыгады БНР. Яго ўдалося захаваць камандзіру паўстанцаў Антону Сокал-Кутылоўскаму. Пасля вызвалення ён перавёз штандар у Вільню, дзе яго ў 1931 годзе падчас ператрусу канфіскавала польская паліцыя.

Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя