Як выглядаў бы касцёл св. Тамаша Аквінскага ў Менску?



Беларускі архітэктар Аляксандр Невар зрабіў чарговую рэканструкцыю з дапамогай камп’ютара і ўзнавіў касцёл святога Тамаша Аквінскага дамініканскага кляштара.

13177633_992035674200029_9003990246266190523_n

Гісторыя будаўніцтва дамініканскага кляштара і касцёла пачынаецца з 1605 г., калі менская шляхта ў гонар перамогі над маскоўскім войскам сабрала ахвяраванні, якія атрымалі назву «капыткоўскі збор» і пайшлі на адбудову рэзідэнцыі дамініканаў. Але ў 1615 г. гэтыя будынкі, верагодна, драўляныя, знішчыў пажар. У 1615 г. менскі ваявода Пётр Тышкевіч падараваў законнікам дзялянку для ўзвядзення мураваных будынкаў касцёла і кляштару. Будынак касцёла ўзвялі ў 1620–1640 гг. і асвяцілі ў гонар святога Тамаша Аквінскага, найбольш славутага прадстаўніка дамініканскага ордэна, філосафа і прапаведніка.

13173655_992036307533299_8213071503458632619_n

Узвядзенне кляштарных муроў завяршылася толькі ў 1703 г., а ў 1709 г. пачалася частковая рэканструкцыя касцёла, у першую чаргу, яго галоўнага фасада. Апошняя перабудова касцёла адбылася ў канцы XVIII ст.

13151698_992036097533320_2529949835420709155_n

Касцёл св. Тамаша Аквінскага ўяўляў класічную трохнававую шасціслуповую бязвежавую базыліку. У архітэктурным вырашэнні гэтай святыні спалучаліся рысы рэнесансу і ранняга барока. Па баках галоўнага фасада, які меў ярусную будову, сіметрычна размяшчаліся прыгожыя капліцы. Інтэр’ер святыні вызначаўся пышнасцю і багаццем дэкаратыўнага аздаблення, быў размаляваны фрэскамі, уключаў 13 стукавых і драўляных разьбяных алтароў, цудоўны арган, які мясціўся на хорах над уваходам.

13151480_986696908067239_772895228597150735_n

Пасля пажару ў 1809 г., які знішчыў менскую фару на Траецкай гары, яе парафія лікам каля 3000 вернікаў была прыпісана да касцёла св. Тамаша Аквінскага. У 1832 г. кляштар скасавалі, а законнікаў выслалі. Касцёл быў пераведзены ў ранг парафіяльных і рэкансэкраваны як нашчадак фары пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы. У 1845 г. кляштар быў перададзены каталіцкай семінарыі, але пасля паўстання 1863–1864 гг. з 1869 г. выкарыстоўваўся пад вайсковыя казармы.

13087435_986698394733757_9180718079644504204_n

Ансамбль кляштара і касцёла моцна пацярпеў у Другую сусветную вайну, пасля чаго ў 1950 г. быў цалкам зруйнаваны. Храм, які перажыў дзясятак войнаў, узрывалі ў мірны час, пад покрывам ночы. Дынаміт вырываў з цела касцёла аскепкі цэглы, але доўга не мог адолець трохмятровыя сцены. Яго камяні тут жа леглі ў падмуркі новых будынкаў Мінска. Засталіся толькі падмуркі на рагу вуліц Інтэрнацыянальнай і Энгельса (былой Дамініканскай).

13076642_985508141519449_1711152156988389793_n