Як з помніка віцебскай архітэктуры робяць „непомнік”
У выніку рамонту траціць сваё гістарычнае аблічча будынак №74 па вуліцы Леніна.
Назваць “рэстаўрацыяй” гэты працэс немагчыма: дом з чырвонай цэглы тынкуюць і дэкаруюць гіпсакартоннымі элементамі . Між тым менавіта цагляная забудова з’яўляецца “візітоўкай” Віцебска. І турыстаў можна было б уразіць разнастайнасцю кладкі і майстэрствам будаўнікоў, які ўзводзілі тут дамы ў канцы 19-пачатку 20 ст., лічыць віцебскі архітэктар Аляксандр Міхайлюкоў:
– Трэба разумець, што 19-е стагоддзе – гэта час імклівага развіцця прамысловасці. Гэта вялікія аб’ёмы цэглы, разнастайнасць узораў, добрая якасць. І гэта стала модай таго часу – будаваць дамы выключна з цэглы. І майстэрства тых, хто кладзе кладку, было высокім, таму можна шмат розных хітрыкаў, дзівосаў можна ўбачыць.
Цагляная забудова вуліцы Леніна з’яўляецца помнікам архітэктуры рэгіянальнага значэння. Рэканструкцыя такіх аб’ектаў павінна адбывацца без зменаў выгляду помнікаў. Але ў Віцебску гэтае патрабаванне парушаецца.
Многіх хітрыкаў і дзівосаў цаглянай кладкі, пра якія казаў архітэктар Аляксандр Міхайлюкоў, ужо не відаць пад сучаснай тынкоўкай, фарбай і штучнымі накладнымі ліштвамі.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя