“Як зайчыкі” – цёплы ўспамін пра Караткевіча
Сёлета мы адзначаем 90-гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. На шчасце, яшчэ ёсць на гэтым свеце шмат людзей, якія бачылі жывога Караткевіча. Сярод людзей, якія згадваюць пісьменніка, і жыхары вуліцы ў Воршы імя Уладзіміра Караткевіча.
На фота: вуліца імя Уладзіміра Караткевіча ў Воршы, жыхар вуліцы Алег Салаўёў дзеліцца дзіцячымі ўражаннямі пра сустрэчы з пісьменнікам.
Алег Салаўёў жыве на вуліцы з пачатку 60-ых, у той час як раз вуліцу пераіменавалі ў чарговы раз – замест вуліцы імя Варашылава, яна стала вуліцай Касманаўтаў.
Алег Салаўёў распавядае пра тое, як напачатку 60-ых дзеці з вуліцы хадзілі з Караткевічам „глядзець на Дняпро” (гэта від медытацыі аршанскай – аўт.).
Алег Салаўёў кажа, што калі спускаліся з гары, то Караткевіч ішоў пасярэдзіне, а дзеці вакол яго ішлі натоўпам „як зайчыкі” (так і кажа „як зайчыкі”). Дзяцей на вуліцы было шмат, бо на гары стаяў барак, якого даўно няма, і там жыло шмат дзяцей. На бераг хадзілі і проста глядзець на Дняпро і купацца. На беразе сядзелі на лодках, навязаных ля берага, глядзелі на ваду і на самалёты, якія ляцелі ў Балбасава. А самалёты ляцелі так нізка, што быў бачны твар пілота. Купаліся каля камня. Гэта вялікі чырвоны валун, якоі памятае шмат пакаленняў аршанцаў, з верхам, які ўздымаецца над вадой, як панцыр чарапахі. Ныралі з камня. І Караткевіч казаў дзецям, каб далей за камень не заплывалі, а яшчэ сварыўся, калі бачыў, што дзеці кідаюць смецце на беразе – фанцікі ад цукерак і марозіва.
Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя