Якім будзе самае вялікае графіці Віцебска
Завяршыўся конкурс “Мой горад – мой гонар”, абвешчаны грамадска-культурніцкай установай “Vitebsk4me”.
Патэнцыйны арт-аб’ект
Арганізатары заклікалі мастакоў-графітыстаў стварыць эскізы для малюнка на плошчы каля 1200 квадратных метраў – каб аздобіць шэрую сцяну аднаго з карпусоў прадпрыемства “Вістан” .
Паводле актывіста “Vitebsk4me” Уладзіміра Булаўскага, мастакам прапанавалі ўвасобіць даўнюю ўжо ідэю:
– Гісторыя з гэтай сценкай “Вістана” не першы год ужо развіваецца. Паводле аднаго з кіраўнікоў культурніцкага цэнтра “Задзвінне”, яшчэ з 2009-м годзе там планавалася зрабіць мурал з гістарычнымі момантамі Віцебска.Але гэтая ідэя заціхла, і вось у мінулым годзе мы зноўку актуалізавалі гэтую тэму.
Аўтар –Сцяпан Жураўлёў
У конкурсе ўзялі ўдзел 13 мастакоў з Расеі і Беларусі, журы выбрала тры эскізы, якія спадабаліся больш за асататнія. Гэта працы Андрэя Драгацэннага, Сцяпана Жураўлёва, які стварае інсталяцыі пад псеўданімам Skref, і Данііла DANET – гэта таксама творчы псеўданім мастака.
Аўтар – Данііл DANET
Усе тры працы нагадваюць гледачам пра традыцыі знакамітай віцебскай мастацкай школы, і ў апошняй, якую найбольш упадабала журы, праглядаюцца алюзіі да творчасці Марка Шагала, Казіміра Малевіча і Эль Лісіцкага.
Цяпер з аўтарамі вядуцца перамовы, па выніку якіх будзе вызначаны пераможца, кажа каардынатарка праекта Вікторыя Фаміна:
– Мы ўжо даслалі лісты мастакам, што ім прапанавана дапрацаваць, – даслалі каментары, якія зрабілі ўдзельнікі журы. Праз колькі дзён мы сустрэнемся і вызначым, каторая ж праца будзе на сценцы. І пасля ўжо цягам некалькіх месцаў плануем правесці краудфандынгавую кампанію або адшукаць партнераў і спонсараў.
Аўтар – Андрэй Драгацэнны
Прыкладны кошт выканання малюнка – не менш за 10 тысяч, дапамогу тэхнікай абяцае адміністрацыя Чыгуначнага раёну, на тэрыторыі якога знаходзіцца патэнцыйны арт-аб’ект.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя
Мастацкія праекты ўдзельнікаў конкурса прадастаўлены “Vitebsk4me”