Якія беларускія фільмы чакаць на «Паўночным ззянні — 2023»
IX кінафестываль «Паўночнае ззянне» пройдзе з 13 па 26 лістапада бясплатна ў online і па квітках offline ў Вільні і Таліне. З 2020 года пільную ўвагу гледачоў акрамя міжнароднай праграмы прыцягвае Беларускі конкурс. Сёлета на працягу кінафестывалю фільмы Беларускага конкурсу будзе аглядаць міжнароднае журы, яны абяруць пераможцу. Упершыню за гісторыю кінафэсту пераможца Беларускага конкурсу атрымае грашовы прыз.
Беларускі конкурс сёлета складаецца з 12 фільмаў, да якіх прыкладаюцца яшчэ два спецыяльныя паказы па-за конкурсам. Беларускія фільмы будзе ацэньваць міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі ўкраінская прадзюсарка Дар’я Бассель, беларускі рэжысёр Аляксей Палуян, дырэктар Еўрапейскага кінарынку Berlinale з Германіі Дэніс Ру.
Упершыню на «Паўночным ззянні» фільмы, якія адзначаць журы, атрымаюць грашовыя прызы. Прызавая падтрымка прадастаўляецца тэлеканалам «Настоящее время». Фільм, які заваюе Гран-пры, атрымае грашовы прыз у памеры 1200$, а тая стужка, якой сябры журы прысудзяць Спецыяльны прыз, атрымае 800$.
Чырвонай ніткай праз сабраныя ў конкурсе фільмы праходзіць рэфлексія, пераасэнсаванне падзей 2020 года ў Беларусі і непасрэдна галоўная тэма кінафэсту сёлета — адлегласць. Пра тое, чаго чакаць ад беларускіх фільмаў «Паўночнага ззяння — 2023», расказаў праграмны дырэктар Беларускага конкурсу:
«Феномен беларускага кіно сёння не мае дакладных абрысаў, межаў і індустрыйных перспектыў. Відавочна толькі тое, што з гэтых часціц (беларускіх фільмаў) складаецца выява сучаснай рэчаіснасці, — разважае праграмны дырэктар Беларускага конкурсу. — Беларусь і свет, убачаныя вачыма маладых рэжысёраў-мастакоў, — гэта вельмі прыватная прастора сноў, болю і трывог. Гэта не цалкам поўнамаштабная з’ява. Беларускае кіно, хутчэй, існуе ў выглядзе эскізаў ці накідаў вялікіх праектаў. Але нават у такім фармаце малых форм гэтыя работы валодаюць адной бясспрэчнай якасцю. Наколькі б ні былі аўтары маладымі, іх фільмы не ўзнімаюцца над рэальнасцю і не падмяняюць яе. У іх расказваюцца гісторыі пра перажытае і асэнсаванае, пра разнастайныя бакі жыцця, у якіх сапраўдныя драмы стагоддзя і мастацкая выдумка сведчаць аб нашым цяжкім, абсурдным і парадаксальным часе, які патрабуе ад кожнага адвагі і пачуцця годнасці. Такі сумленны погляд у беларускім кіно заўсёды быў у дэфіцыце, але сёння гэта становіцца галоўнай адметнай рысай нацыянальнай кінематаграфіі, якая існуе насуперак ідэалагічным дыктатам і законам кінабізнесу».
У Беларускім конкурсе ўдзельнічаюць стужкі:
«Радзіма», «У жывым эфіры», «Калыханка»,«Усё добра. Я сплю», «Ператрымка», «Ястраб памерам з каня», «Чатыры колы далей ад цэнтра», «Смеццевая галава», «Котка», «Дзённік Анастасіі», «Мяцеліца», «Патрыятычнае практыкаванне».
Паводле прэс-рэлізу