Якія кнігі ў Гародні набываюць найбольш ахвотна?
Гарадзенскія кнігарні лепш прадаюць у летні перыяд кнігі па гісторыі горада, розныя альбомы пра Беларусь і зборы Уладзіміра Караткевіча. Продаж афіцыйных кнігарняў у цэнтры Гародні ў першую чаргу разлічаны на турыстаў, якія наведваюць горад.
Пра тое, што набываюць у самай вялікай гарадзенскай кнігарні “Раніца”, распавядае яе таваравед Жанна Урублеўская.
– Вялікую папулярнасць маюць падарункавыя выданні. Гэта і Беларуская энцыклапедыя, і выдавецтва «Беларусь» перадусім. Бо наш горад турыстычны, сюды прыязджаюць турысты з розных краін свету, а цяпер якраз і бязвізавы рэжым дзейнічае, што вельмі нам дапамагае. Таму такая літаратура прадстаўлена не толькі на беларускай мове, але і на расейскай, ангельскай, нават на нямецкай.
У незалежных распаўсюднікаў лепш набываюцца кнігі Уладзіміра Арлова і дзіцячая літаратура. Распавядае Антось Шранкевіч – прадстаўнік этнакрамы “Цудоўня”:
– Найбольшым попытам карыстаецца, канешне, гістарычная літаратура. Гарадзенцы цікавяцца кнігамі па гісторыі свайго горада. Таксама вялікі попыт зараз быў на «Айчыну» і іншыя кнігі Арлова. Час ад часу пытаюцца пра пераклады замежных паэтаў. І для дзетак.
У летні перыяд кнігарні і незалежныя распаўсюднікі Гародні робяць розныя акцыі і зніжкі. Напрыклад, дзіцячую літаратуру і розныя маляванкі па-беларуску можна набыць у гарадзенскіх кнігарнях са зніжкай да 20 адсоткаў.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня