Якія рэформы неабходны беларускаму кінематографу?



Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка распавядае, якой ёй бачыцца рэформа беларускага кіно.

На мінулым тыдні прайшоў чарговы з’езд Саюза кінематаграфістаў Беларусі, на якім адным з галоўных пытанняў было: “Якія рэформы неабходны беларускаму кінематаграфу?”

Зінаіда Бандарэнка: Адно можна сказаць дакладна – рэформы патрэбны абавязкова. І ў нашым жыцці, і ў эканоміцы, і, натуральна, – у кіно. Мы быццам жывем беларускім кіно былых часоў. Беларуская кінастудыя ў свой час пакінула добры след, а зараз усё робіцца больш на яе базе. І робіцца ў асноўным расейскімі кінакампаніямі. Асабіста мяне (ды, думаю, і іншых нашых гледачоў), найперш цікавіць: “Калі знялі нейкую карціну, ці ёсць там беларускія артысты?” А расейцы ж мала бяруць здымацца беларусаў. І, калі я, напрыклад, убачыла беларускую артыстку Марыю Захарэвіч у расейскім серыяле толькі ў адным невялічкім эпізодзе, то шчыра скажу – душа забалела. Трэба, каб нашы чыноўнікі і наша Міністэрства культуры рупілася наконт гэтага і думала пра тое, каб беларускае кіно і надалей захоўвала традыцыі. Яны закладзены, але, як мне падаецца, не развіваюцца. Таму без рэформаў ніяк нельга. Можа быць, неабходна перагледзець і фінансавы падыход, таму што ўсе зараз толькі і думаюць пра грошы, якіх заўсёды не хапае.

РР: Таму і зарабляюць беларусы на расейскіх серыялах…

Зінаіда Бандарэнка: У сваёй большасці гэтыя расейскія серыялы – масавы прадукт, які да мастацтва кіно не мае ніякага дачынення. Я іх практычна не гляджу. Вось з’явіўся ў Расеі “Левіяфан”, яго варта паглядзець. Як толькі ў кіно з’яўляецца вялікая праца, нас адразу ж цікавіць, наколькі яна праўдзівая. Наколькі праўдзіва адбіваюцца ў фільме нашы жыццёвыя праблемы. Андрэй Звягінцаў паказаў у “Левіяфане” праўду жыцця, таму вось нам бы пабольш такіх фільмаў таксама. А расейскія серыялы я б наогул не пускала на тэлеэкраны і не тлуміла б людзям мазгі. Гэта чарговае замбіраванне чалавечай душы. Таму людзі і становяцца такімі злымі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя