Якой была сядзіба графаў Храптовічаў?



23 студзеня а 17-ай гадзіне ў галерэі «Лабірынт» (3 паверх) Нацыянайнай бібліятэкі Беларусі адкрыецца выставачны праект «Вяртанне», прысвечаны спадчыне графаў Храптовічаў – сядзібе ў Шчорсах.

Арганізатары – Нацыянальная бібліятэка Беларусі і сядзіба «Шчорсы».

Сядзіба у Шчорсах – радавы маёнтак роду Храптовічаў, часткова захаваны помнік сядзібна-паркавай архітэктуры XVIII стагоддзя. Месца з багатай гісторыяй, сапраўдны гонар беларусаў. У 1770-х гадах па загадзе Іаахіма Храптовіча над палацавым комплексам з вялікім паркам і сажалкамі працавалі Джузэпэ дэ Сака, Карла Спампані і Якуб Габрыэль. У XIX стагоддзі маёнтак Храптовічаў быў важным культурным цэнтрам з вядомай калекцыяй прадметаў мастацтва і знакамітай бібліятэкай. Сюды прыязджалі Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, а бібліятэкарам некаторы час працаваў Ян Чачот.

Да нашых дзён захаваліся некалькі пабудоў і рэшткі парку. Сядзіба ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.  

У экспазіцыі выставачнага праекта «Вяртанне» будуць прадстаўлены жывапісныя работы, эцюды, акварэльныя замалёўкі – вынікі трох плэнераў, якія прайшлі ў сядзібе «Шчорсы». Мастакі імкнуліся ўзнавіць аблічча палацава-паркавага комплексу, яго ваколіц і пабудоў у такім выглядзе, быццам бы іх не закрануў час.

Мэта выставачнага праекта «Вяртанне» – падтрымаць рэканструкцыю комплексу як знешне, так і па змесце. Аднавіць і напоўніць былую бібліятэку і калекцыі Храптовічаў, узнавіць маёнтак, парк – хаця б на перыяд экспазіцыі, вобразна і ва ўяўленні.

Паводле прэс-рэлізу