Якуб Колас і генерал Яўген Леашэня



3 лістапада – дзень нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа (1882- 1956).

Kolas

У свой час з ім шчыра сябраваў генерал-лейтэнант інжынерных войск Яўген Леашэня (1900-1981) са Слоніма, які вельмі любіў і цаніў беларускую мову, культуру і гісторыю сваёй Айчыны.

Імя Якуба Коласа Яўген Леашэня пачуў яшчэ тады, калі вучыўся ў Альбярцінскім (раней Альбярцін быў пасёлкам, а цяпер — мікрараён Слоніма) двухкласным вучылішчы (1912-1914), дзе выкладаў тады перадавы беларускі настаўнік Восіп Іванавіч Петрашкевіч. Ён знаёміў сваіх вучняў з творамі Янкі Купалы, Францішка Багушэвіча, Цёткі, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Гутаркі аб беларускай літаратуры Восіп Петрашкевіч праводзіў не ў класе, а ў школьным садзе, або падчас экскурсіі ў лесе, на берагах ракі Шчары і Альбярцінскага возера.

У пачатку лістапада 1942 года ў Ташкенце, у доме Савецкай Арміі адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 60-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. У прэзідыуме сходу сядзелі прадстаўнікі Вярхоўнага Савета і члены ўрада БССР. У цэнтры сядзеў сам юбіляр. Ён быў вельмі ўсхваляваны: не чакаў, што ў такі цяжкі для краіны час яго будуць віншаваць.

2

Ад імя арміі, Ваеннай акадэміі і франтавікоў юбіляра вітаў Яўген Леашэня (на здымку). У перапынку Якуб Колас падышоў да Яўгена Варфаламеевіча, паціснуў руку і падзякаваў за цёплыя словы. У лютым 1943 года адбыўся чарговы выпуск Ваеннай акадэміі імя Фрунзе, і Яўген Леашэня запрасіў Якуба Коласа на ўрачыстасць.

У красавіку 1943 года Ваенная акадэмія імя Фрунзе, дзе Леашэня працаваў начальнікам кафедры інжынерных войск, вярталася ў Маскву. Слонімец пакідаў Ташкент. Цёплым вясновым надвячоркам 15 красавіка Яўген Варфаламеевіч развітаўся з Якубам Коласам.

У 1944 годзе Леашэня зноў накіраваўся на фронт. Пачаў ліставацца з Якубам Коласам, расказваў пра вызваленую заходнюю частку Беларусі, пра сустрэчу з маці. Толькі ў 1954 годзе Яўген Леашэня вярнуўся ў Маскву. Зноў пачаў працаваць, аднавілася і перапіска з Якубам Коласам.

Неўзабаве слонімскага генерала перавялі працаваць за мяжу, і ліставанне з Якубам Коласам на пэўны час спынілася. Толькі з газет даведаўся ён пра смерць беларускага песняра. Засталіся на ўсё жыццё цёплыя ўспаміны пра сустрэчы і кніжка вершаў “Голас зямлі”, выдадзеная Дзяржаўным выдавецтвам Узбекістана да 60-годдзя паэта, з аўтографам: “На ўспамін земляку — палкоўніку Леашэню. Якуб Колас. Ташкент, 1942 г.”.

У снежні 1981 года не стала і генерал-лейтэнанта Яўгена Леашэні . А ў 1984 годзе вуліца, якая вядзе з цэнтра Слоніма на мікрараён Альбярцін, была названа яго імем. А значна раней з’явілася ў Слоніме і вуліца Якуба Коласа. Імя Якуба Коласа нададзена і Слонімскай раённай цэнтральнай бібліятэцы.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім