Якуб Колас пра Воршу: “Дасканалыя малюнкі аршанскай прыроды”



Пра Воршу Якуб Колас пісаў у 1929 годзе ў нарысе “Паездка на Асінбуд”.

На фота: Ворша, будынак вакзала. 

БелДРЭСа (Асінбуд) – першая электрастанцыя ў Беларусі, якую пачалі будаваць 9 ліпеня 1927 года па ленінскім плане ГАЭЛРО ў раёне вёскі Арахі.  

На фота: на сутоку Аршыцы і Дняпра, Ворша ў раёне Замчышча. 

Па дарозе на будоўлю Асінторфу класік беларускай літаратуры наведаў Воршу і адзначыў шмат цікавых дэталяў:

“Прыехалі і пайшлі на высокую дняпроўскую кручу крыху адпачыць і палюбавацца прыгожымі відамі Воршы, што адкрываюцца з гэтае кручы. Прыгожыя аршанскія ваколіцы, асабліва ў такую добрую пагоду, якая была ў той дзень. Але не буду спыняцца на гэтых дасканалых малюнках аршанскай прыроды. Увечары схадзілі ў аршанскі чыгуначны клуб, аглядалі будынак, знаёміліся з бібліятэкай, чытальняю і ўсімі дастасаваннямі для культурнага адпачынку аршанскіх чыгуначнікаў. Клуб робіць вельмі моцнае ўражанне асабліва сваім знадворным выглядам, як сапраўдны палац. Двор перад клубам шырокі прасторны. Ёсць дзе разгарнуцца маладым сілам. На двары грае духавы аркестр музыкі. Меншае ўражанне робіць клуб сваім унутраным абсталяваннем. Драўляная непамаляваная падлога, бедная мэбля кідаецца ў вочы і слаба стасуецца з шыкозным выглядам клуба з двара. Але клуб яшчэ зусім новы, і пры нашых умовах трудна адразу ўсё зрабіць. Ва ўсякім разе Воршы можна ганарыцца сваім клубам. Бібліятэка клуба налічвае трынаццаць тысяч кніг.

Станцыя Орша заўсёды набіта народам. Гэта пярэсмыкі рознага люду. Тут праходзяць сутулыя і строгія постаці працоўнага люду з мяшкамі, з клумкамі, і з прыладамі свае вытворчасці. Уся гэта маса яшчэ па старой традыцыі займае найбольш зацішныя і скромныя куткі, каб не замінаць людзям. Цяжкае ўражанне робяць сем’і перасяленцаў. На запыленых і забруджаных лахманах, на  цвёрдым каменным памосце – маткі з малымі дзецьмі. Сярод роўнага, невыразнага гулу чуюцца дзіцячыя ўсхліпванні і варкатлівыя галасы матак, суцяшаючых малышоў, адарваных ад сваіх хатніх гнёздаў. І на кожным кроку натыкаешся на гэтыя малюнкі: і ў сценах станцыі, і па-за яе сценамі, проста на платформе. За выступам сцяны станцыённага будынка хіліцца сям’я: бацька, маці і трое дзяцей. Гэта селянін з Полаччыны, едзе ў Прыўралле, дзе ўжо асела яго “радзіна”(радня). Маленькі хлопчык гадоў пяці, капрызіць і плача, просіцца дадому. На яго шчасце, у мяне знайшоўся кусок шакаладу, што на нейкі час яго супакоіла і пагадзіла з горкай доляй перасяленца”.  

Беларускае Радыё Рацыя