Яму найлепш пісалася пра Заходнюю Беларусь



Да 110-годдзя пісьменніка, публіцыста, перакладчыка і журналіста Якуба Міско.

Са сваім земляком Якубам Міско (1911-1981) мне не пашанцавала сустрэцца і пазнаёміцца. Калі я паступіў на першы курс Белдзяржуніверсітэта, у часопісе «Маладосць» (1980, № 9) з’явілася яго дакументальная аповесць «Было яно калісьці…».

Я купіў часопіс і на адным дыханні прачытаў гэту аповесць. У ёй Якуб Міско цікава апісваў свае дзіцячыя і юнацкія гады, беларускую Вільню, дзе вучыўся і сталеў, а таксама родную Слонімшчыну. А дзесьці ў 1989 годзе яшчэ адзін мой зямляк, доктар гістарычных навук Васіль Мялешка прыслаў мне верш Якуба Міско, які называўся «Наперад». Гэты верш гісторык знайшоў у архіве, ён друкаваўся ў 1926 годзе ў падпольным часопісе вучняў Віленскай беларускай гімназіі. Я параіў Васілю Іванавічу даслаць верш Якуба Міско ў «ЛіМ», што ён і зрабіў. І 6 кастрычніка 1989 года верш «Наперад» Якуба Міско быў надрукаваны на адной са старонак тыднёвіка. Гэты верш у той час заклікаў моладзь да шчаслівейшай долі, да барацьбы за лепшае жыццё: Наперад, да лепшае долі!

Наперад, да сонца, да зор!

Мы ў цемры не можам жыць болей,

Нам трэба святло і прастор!..

Марыя і Герасім Міско – бацькі Якуба Міско, 1934 г.

Якуб Міско нарадзіўся 1 чэрвеня 1911 года ў вёсцы Чамяры Слонімскага павета ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў пачатковай школе ў бежанстве ў Расеі. А калі сям’я вярнулася ў Чамяры ў 1921 годзе, паступіў у Віленскую беларускую гімназію, адкуль яго за рэвалюцыйную дзейнасць некалькі разоў выганялі. З 1932 года працаваў у галоўным сакратарыяце дэпутацкага клуба “Змаганне”, а таксама ўзначальваў рэдакцыю “Беларускай газеты”. Вельмі часта Якуба Міско арыштоўвала паліцыя і саджала ў турмы. А перад самай вайною, калі прыйшлі ў Заходнюю Беларусь саветы, яго арыштавалі органы НКУС. Праўда, праз год выпусцілі, і Якуб Міско вярнуўся ў родную вёску Чамяры. Спачатку працаваў дома па гаспадарцы, а перад самай вайной паехаў у Ліду, дзе ўладкаваўся ў мясцовую райгазету.

Калі пачалася вайна, Якуба Міско забралі на фронт. Спачатку быў радавым разведчыкам, а да Берліна дайшоў гвардыі маёрам з пяццю ордэнамі. Пасля вайны вярнуўся на Радзіму, паступіў і скончыў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут.

Якуб Міско, Юрый Тарасюк, Міхаіл Макулік, 1976 г.

Усё жыццё Якуб Міско адпрацаваў журналістам. З іх амаль 30 гадоў — у «Сельскай газеце». Пісаў не толькі журналісцкія матэрыялы, але і апавяданні, гумарэскі, артыкулы пра былых дзеячаў Заходняй Беларусі, рэцэнзіі на кнігі Максіма Танка, Янкі Брыля, Алеся Адамовіча, Міхася Машары, Віктара Касько. На беларускую мову пераклаў творы К.Брандыса, М.Жулаўскага, Е.Путрамента, М.Канапніцкай. У 1967 годзе Якубу Міско было прысвоена званне заслужаннага дзеяча культуры Беларусі. Да апошніх сваіх дзён ён шмат працаваў, пісаў, сустракаўся са сваімі сябрамі.

Пасля смерці Якуба Міско (памёр 23 кастрычніка 1981 года) народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль сабраў яго лепшую спадчыну і выдаў асобнай кнігаю, якую назваў «Маё маўклівае сэрца». У першы раздзел кнігі ўвайшлі дакументальная аповесць «Было яно калісьці…», а ў другі — нарысы, артыкулы і гумарэскі. Ва ўступным слове да кнігі Янка Брыль сказаў: «Найлепш пісалася яму тое, што звязана з былой Заходняй Беларуссю, з яе горкай нядоляй, са слаўнай барацьбой яе лепшых сыноў і дачок за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне…».

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фотаздымкі з архіва аўтара