Ян Семашкевіч – беларускі ксёндз-паэт
Беларускі ксёндз Ян Семашкевіч, ён жа паэт Янка Быліна, сваім лёсам звязаў гістарычную Віленшчыну з Падляшшам. Пра постаць ксяндза Яна й увогуле беларускую мову ў Касцёле мы пагутарылі з глыбоцкім краязнаўцам Кастусём Шыталем.
РР: Узгадаем ксяндзоў, якія сталі яшчэ і беларускімі літаратарамі, пакінулі след у нашай літаратуры таго заходнебеларускага, міжваеннага перыяду. Існавала цэлая суполка, ёсць і сумеснае фота. Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч) – ксёндз, паэт, чый лёс звязаны і з Віленшчынай, і з Падляшшам. І ў Яна Семашкевіча падобны лёс. Але яго асоба не такой увагай карыстаецца.
На фота: Ян Семашкевіч (злева), Адам Станкевіч і Казімір Сваяк, wikipedia.org
Кастусь Шыталь: Відаць, Сваяка больш памятаюць, бо большы быў ягоны літаратурны і паэтычны даробак. Што тычыць Яна Семашкевіча, то гэта таксама адзін з выбітных прадстаўнікоў той генерацыі беларускага каталіцкага духавенства, якое першае пачало карыстацца вельмі актыўна беларускай мовай у рэлігійным жыцці. У пачатку 20-х ён служыў у парафіі ў Лаварышках пад Вільняй. І там ён ужываў у катахізацыі дзяцей беларускую мову. За што яго вельмі моцна крытыкавалі польскія газеты і польская адміністрацыя. Але тым не менш, ён працягваў гэта рабіць. І ён, пачынаючы з 1917 года пачаў пісаць беларускія вершы. Гэта былі гумарыстычныя, сатырычныя байкі. Акрамя таго ён пісаў рэлігійныя вершы. І як у 30-я гады згадваў ксёндз Адам Станкевіч, што Семашкевіч пасля Сваяка быў адзіным рэлігійным паэтам, які ствараў менавіта беларускую рэлігійную паэзію. Ён шмат друкаваўся ў беларускай перыёдыцы, акрамя таго меў некалькі выдадзеных зборнікаў паэзіі. Меў выдадзеную камедыю “Выбар старшыні”, якую самадзейныя беларускія суполкі часта ставілі, а таксама тры рэлігійныя кнігі па-беларуску.
РР: І калі параўноўваць ягоны лёс з лёсам Казіміра Сваяка, то яго таксама з Віленшчыны накіравалі служыць на Падляшша. Чуў такую версію, што польскі касцёл накіроўваў гэтых ксяндзоў-беларусаў менавіта сюды, каб яны тут не знайшлі прыхільнікаў.
Кастусь Шыталь: У прынцыпе, так і было. Спачатку яго накіравалі ў Янаў-Падляшскі, у 1933 годзе. Пасля ў 1937 годзе яго накіравалі ў Ялоўку. З 1939 да 1946 года ён служыў у Міхалове. А ў 1946 годзе яго накіравалі ў Бомблю, што ў Карыцінскай гміне. Бо там мясцовыя людзі самі пабудавалі касцёл і папрасілі біскупа, каб ён прыслаў ім святара. І Ян Семашкевіч быў там першым пробашчам. Там жа ён і памёр у 1956 годзе.
Магіла Яна Семашкевіча знаходзіцца побач з касцёлам у падляшскай вёсцы Бомблі ля Карыціна.
Цалкам размова ў далучаным файле:
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя