Яна любіла вёску і пісала вершы



15 жніўня зэльвенска-мастоўскай паэтцы Ірыне Данік споўнілася б 70 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзілася паэтка на Зэльвеншчыне ў вёсцы Дзергілі. Скончыла Гарадзенскае культасветвучылішча. Працавала загадчыцай Дзергілёўскага сельскага клуба. А потым пераехала на Мастоўшчыну. І ў вёсцы Стральцы працавала загадчыцай сельскага Дома культуры. Летась, пасля цяжкай хваробы, яе не стала.

Пісаць вершы Ірына Данік пачала з юнацтва. Друкавалася ў розных калектыўных зборніках, у рэспубліканскай прэсе. У 2006 годзе выпусціла свой адзіны прыжыццёвы паэтычны зборнік “Мой светлы дзень”.

Паэтка любіла сваю маленькую радзіму — вёскі Дзергілі і Стральцы. Ім прысвяціла сотні шчырых паэтычных радкоў. А ў адным з вершаў Ірына напісала:

Адыходзяць паціху паэты…

Ну, чаму паміраюць  яны?

Іх душою нябёсы сагрэты,

Іхнім словам сумуюць званы…

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя