Яніна Пінчук: Ёсць сэнс чытаць лацінаамерыканскую літаратуру



У Воршы выступіла маладая пісьменніца Яніна Пінчук. Аўтарка кнігі “Горад мрой” за свой твор была намінавана на прэмію “Дэбют”. На сустрэчы ў Воршы пісьменніца прызналася, што перачытала шмат лацінаамерыканскай літаратуры, аднак калі прыступіла да напісання “Гораду мрой”, заўважыла, што падобныя фантастычныя матывы выдатна кладуцца на беларускія падзеі, побыт, твор стаў цалкам самастойным, уласна беларускім.

Больш за тое, Яніна Пінчук адзначыла, што захапленне літаратурай краін Паўднёвай Амерыкі, якую яна вывучала на расейскай і гішпанскай мовах, не толькі не папсавала яе беларускія сюжэты, але яшчэ і ўзмацніла іх. Яніна Пінчук яшчэ і перакладчыца, яна лічыць, што пераклад твораў лацінаамерыканскай літаратуры зможа ўзбагаціць людзей.

– Нейкія спробы ў мяне ўжо былі. Я, канешне, пачынала не з буйных форм, але ў мяне ёсць ужо ў перакладзе на беларускую мову некалькі апавяданняў лацінаамерыканскіх аўтараў, якія я таксама спадзяюся недзе апублікаваць. Я выбірала апавяданні малавядомых аўтараў, але цікавых.

Сама Яніна Пінчук пакуль не ведае, калі ў яе будзе дастаткова часу, каб заняцца наступнымі перакладамі паўднёваамерыканскіх творцаў, аднак адзначае, што тэма цікавіць яе, і падобная літаратура, выдадзеная па-беларуску, унясе разнастайнасць у густы беларусаў. А “Горад мрой” паказвае, што розных фантастычных матываў удосталь і на беларускай зямлі.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша