Янка Купала і Уладыслаў Чаржынскі
У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Менску захоўваюцца купалаўскія запісы (адз. зах. 459-461) маскоўскіх і казанскіх тэлефонаў і адрасоў асоб, з якімі паэт быў звязаны па службовых і асабістых справах. Сярод адрасоў Казані ёсць і каардынаты Уладыслава Чаржынскага: “Чаржынскі. Держинского, 15, кв.8”. Уладыслаў Чаржынскі (1897-1974) — беларускі літаратуразнавец, крытык, лексікограф і педагог. Нарадзіўся ён на Беласточчыне. Пачатковую адукацыю атрымаў у народным вучылішчы. Скончыў Менскую гімназію і Белдзяржуніверсітэт. Працаваў настаўнікам на Лагойшчыне, а таксама выкладчыкам у Інстытуце беларускай культуры і ў Камуністычным універсітэце Беларусі. З 1922 года пачаў выступаць з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі ў беларускім друку. З 1925 года супрацоўнічаў з часопісам “Полымя”.
Уладыслаў Чаржынскі пад сваім уласным прозвішчам, а таксама пад псеўданімамі Ул. Дзяржынскі і Ўлідзе друкаваў сур’ёзныя артыкулы, у якіх даваў грунтоўны эстэтычны аналіз як асобных мастацкіх твораў, так і літаратурнага працэсу ў цэлым. Многія яго матэрыялы, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Міхася Чарота, Цішкі Гартнага, Янкі Журбы і іншым беларускім пісьменнікам, уражваюць і сёння глыбінёй і жывасцю даследчыцкай думкі, аргументаванасцю і пластычнасцю стылю. Працы Уладыслава Чаржынскага каштоўныя сёння яшчэ тым, што ў супярэчлівы і жорсткі час канца 1920-х гадоў у сваіх ацэнках ён кіраваўся эстэтычнымі крытэрыямі, а не вульгарна-сацыялагічнымі догмамі.
У лістападзе 1941 года Янка Купала прыехаў у Татарстан і пасяліўся разам з Уладзіславай Францаўнай непадалёку ад Казані ў пасёлку Пячышчы ў дырэктара мельзавода І.Я.Наякшына. Тут ён жыў і час ад часу наведваў Казань, дзе спыняўся ў гасцініцы “Татарстан”.
З Наякшынымі Купала шчыра сябраваў, яны разам нават сустракалі новы 1942 год на кватэры Юдзіных у г.Верхні Услон. Янка Купала часта выступаў на мітынгах, па радыё, з дакладамі сярод беларускай і татарскай інтэлігенцыі, пісаў вершы і прадмовы. Заходзіў ён у госці і да сям’і Чаржынскіх. Дарэчы, жонкаю Уладыслава Чаржынскага была родная сястра Змітрака Бядулі — Чэрня Плаўнік. У іх нарадзілася дзеці — Вітаўт і Рагнеда. З Уладыславам Чаржынскім Янка Купала ў Казані шмат гутарыў, яны вялі размовы пра вайну, пра 1920-1930-я гады і рэпрэсіі, а таксама пра літаратуру. 4 мая 1942 года Янка Купала зноў сустрэўся з сям’ёй Чаржынскіх, якая наведала яго ў Пячышчах. Песняр падараваў Чаржынскім сваю кнігу вершаў і паэм “От сердца”, што выйшла на рускай мове ў Маскве. На кнізе Купала напісаў “Дарагім Чаржынскім на памяць. Янка Купала. Пячышчы. 4.V.1942г.” 18 чэрвеня Янка Купала пакінуў Татарстан і прыехаў у Маскву, дзе праз 10 дзён трагічна загінуў у гасцініцы «Масква».
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя