Янка Купала на паштовых канвертах



Першыя паштовыя канверты, прысвечаныя песняру беларускага народа Янку Купалу (1882-1942), былі надрукаваныя Міністрэствам сувязі СССР у Расеі. Хутчэй за ўсё першым такім паштовым канвертам пасля вайны быў канверт, на якім адлюстраваны помнік Янку Купалу ў Мінску. Канверт з’явіўся ў 1957 годзе.

Другі Купалаўскі канверт таксама быў надрукаваны не ў Беларусі, а ў Расеі. Ён быў прысвечаны Літаратурнаму музею Янкі Купалу. Канверт з’явіўся на дзвюх мовах у 1961 годзе. У гэтым жа годзе беларусаў парадаваў яшчэ адзін канверт з партрэтам Янкі Купалы. Ён быў выпушчаны з нагоды 80-годдзя народнага песняра. Гашэнне канверта адбылося на Мінскім паштамце 7 ліпеня 1962 года. Да гэтай падзеі ў Маскве была выпушчана і паштовая марка. Таму гашэнне маркі і канверта ў 1962 годзе адбылося адначасова.

Пошта СССР у 1966 годзе таксама парупілася і выпусціла паштовы канверт з партрэтам Янкі Купалы.

Да 100-годдзя Народнага паэта Беларусі на Пермскай фабрыцы Дзяржзнака ў Расеі надрукавалі канверт з партрэтам песняра, а пад ім на дзвюх мовах тэкст: “Народны паэт Беларусі Янка Купала (1882-1942)”. Гашэнне канверта адбылося ў Менску на паштамце 7 ліпеня 1982 года.

У 2002 годзе Мінстэрствам сувязі Рэспублікі Беларусь быў выпушчаны канверт, на якім адлюстраваны фантан у парку імя Янкі Купалы. Ён складаўся з малюнка самога фантана, помніка Янку Купалу і невялікіх фрагментаў. Мастаком канверта з’яўляўся В. Сташчанюк.

Белпошта ў 2008 годзе выпусціла канверт, прысвечаны скульптару А.Глебаву да яго 100-годдзя з дня нараджэння. На арыгінальным канверце з маркай надрукавана ілюстрацыя скульптурнай кампазіцыі: А.К.Глебаў. “Максім Горкі і Янка Купала”, 1949 год”.

Да 125-годдзя народнага песняра Белпошта таксама парупілася і выпусціла канверт, прысвечаны Янку Купалу. На канверце – партрэт паэта, малюнкі Літаратурнага музея Янкі Купалы і герояў яго твораў. Гашэнне канверта і маркі адбылося 7 ліпеня 2007 года.

Да 60-годдзя адкрыцця Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Белпошта выпусціла прыгожы канверт з партрэтам Янкі Купалы і малюнкамі музея і яго кніг. Мастаком канверта быў М.Рыжы. 130-годдзе беларускага песняра Белпошта ўшанавала выпускам канверта, на якім адлюстраваны хата Купалы ў Вязынцы, партрэт паэта і тэкст: “Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) – беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч”. Канверт арыгінальна аформіў мастак М.Рыжы.

Камедыя Янкі Купалы “Паўлінка” упершыню была пастаўлена ў студзені 1913 года ў Вільні Беларускім музычна-драматычным гуртком. Рэжысёрам спектакля быў А.Бурбіс, а ролю Паўлінкі сыграла С.Маркевіч. Пазней, 9 лютага 1913 года, у Пецярбургу “Паўлінку” паставіў Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў, а 15 жніўня 1913 года ў Радашковічах спектакль паказаў мінскі калектыў, арганізаваны Ф.Ждановічам. Да 100-годдзя пастаноўкі “Паўлінкі” Белпошта выпусціла спецыяльны канверт з малюнкам Паўлінкі і пана Быкоўскага.

У 2015 годзе Белпошта выпусціла паштовую марку, прысвечаную Нацыянальнаму Акаэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы. Да выпуску маркі быў далучаны і канверт першага дня (наклад 1000 штук), на якім адлюстраваны будынак тэатра. Першы дзень гашэння маркі і канверта адбыўся 14 верасня 2015 года ў Менску.

Да 135-годдзя Янкі Купалы ў 2017 годзе Белпошта выпусціла паштовую марку з партрэтам песняра (мастак Міхась Савіцкі, 1981г.) і канверт першага дня. На канверце – фотаздымак музея Янкі Купалы ў Менску. Першы дзень гашэння маркі і канверта адбыўся 7 ліпеня 2017 года.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

Фотаздымкі канвертаў з архіва аўтара