Янка Сычэўскі: Калядаванне – важны стымул развіцця мясцовай супольнасці
У нядзелю Беларускае грамадска-культурнае таварыства правяла 23-ыя Прэзентацыі калядных калектываў «Гвязда і калядка» у Беластоку з удзелам дзяцей, моладзі і дарослых. Захаванасць традыцыі калядавання на Беласточчыне адзначыў намеснік старшыні БГКТ Васіль Сегень:
– Мы балелі, як кажуць, за нашых маладых калядоўшчыкаў, якія зараз пераймаюць гэтую традыцыю і ходзяць спяваюць калядкі па вёсках асабліва, таму што родам з вёскі і маладое пакаленне гэта падтрымлівае. Часам яшчэ сустракаюцца прыцаркоўныя нейкія, прыхадскія хоры, якія ходзяць калядуюць і збіраюць грошы на пэўныя парафіяльныя мэты.
Пра ролю калядавання ў мясцовых супольнасцях разважае старшыня БГКТ Янка Cычэўскі:
– На вёсцы калядуюць, але гэта ўжо вельмі такія ўжо сціплыя формы калядавання, таму што ходзяць толькі дзеці. Раней хадзілі дарослыя, моладзь хадзіла асобна, цяпер ужо няма такога звычаю, таму што на вёсцы засталіся сталыя або вельмі старыя людзі, якія проста не ў стане хадзіць калядаваць. Калі калядуюць, то ў сямейных кантэкстах. Гэта вельмі важны стымул развіцця культуры.
Агулам на 23-ых Прэзентацыях калядных калектываў «Гвязда і калядка» выступіла каля 30 калектываў. Яны пазыцыянуюць сябе транслятарамі беларускай традыцыі, праваслаўя і культуры памежжа.
Беларускае Радыё Рацыя