Янка Трацяк: У вайне з беларускімі кнігамі перамагчы немагчыма



У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць творчай беларускай інтэлігенцыі. Школьныя бібліятэкі краіны атрымалі загад прыбраць са сваіх паліц кнігі самых папулярных 33-х беларускіх пісьменнікаў.

Пракаментаваць дадзеную сітуацыю „Радыё Рацыя” папрасіла пісьменніка, кандыдата філалагічных навук, дацэнта з Гародні Янку Трацяка. У, прыватнасці, спадар Янка сказаў:

-Я супраць усялякай вайны, а тым больш вайны з кнігамі. Вайна з кнігамі – вайна з думкамі, ідэямі, меркаваннямі, вобразамі, персанажамі, героямі і, вядома ж, з аўтарамі… Вайна з тым, што перамагчы нельга ніколі. Забараніць можна, а перамагчы – ніяк.

Думаю, што спіс 33-х аўтараў – гэта нейкая не зусім удалая чутка, ці жарт. А калі жарт, тады і рэагаваць няма сэнсу. А калі, раптам, не чутка, тым больш рэагаваць не трэба, бо складваецца ўражанне, што гэта нейкая правакацыя, каб вызначыць неабыякавых яшчэ людзей (якія адрэагуюць), прыйсці і перакуліць іх асабістую бібліятэку і абвінаваціць у экстрэмізме за кнігу, напрыклад, Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночы твар”…

І яшчэ. Калі гэта не чутка, то шмат хто з пісьменнікаў пакрыўдзіцца на Міністэрства адукацыі: чаму ж іх прозвішчы не трапілі ў такі ганаровы спіс… 

Беларускае Радыё Рацыя