Янка Трацяк выдаў “Маміны песні”
У гарадзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт” пабачыла свет унікальная кніга кандыдата філалагічных навук, кіраўніка Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Янкі Трацяка “Маміны песні”.
Кнігу Янкі Трацяка склалі песні яго маці Станіславы Трацяк, якія аўтар-сын запісаў у 2006 годзе. А нотныя запісы з голасу ажыццявіў Аляксандр Пашкоўскі – акампаніятар народнага ансамбля народнай песні “Жывіца” з Ашмянскага раёна.
У кнігу ўвашлі тэксты валачобных, жартоўных, жніўных і лірычных песень, а таксама рускія песні і жорсткія рамансы, запісаныя ад маці, і песні на польскай мове.
У прадмове да кнігі навуковы супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі і культуры Нацыянальнай Акадэміі Навук Юрась Пацюпа адзначыў, што “рэпертуар Станіславы Антонаўны – у гэтым можна пераканацца ўжо са зместу – даволі разнастайны і багаты, калі не сказаць пярэсты. Ён цікавы як тыповы ўзор таго вялікага злому, які перажыў фальклор з канца XIX стагоддзя да нашага часу, калі за сціслы тэрмін супольнасць беларусаў ад суцэльнай непісьменнасці перайшла да абавязковай сярэдняй адукацыі, пры гэтым з’явілася прэса і іншыя масавыя камунікацыі – аж да Інтэрнэту… Збор песень Станіславы Антонаўны каштоўны менавіта рэпрэзентацыйнасцю і тым самым – аб’ектыўнасцю, бо далёка не кожны выканаўца можа помніць паўтара соцень песень”.
У сваім пасляслоўі Янка Трацяк распавядае пра сваю сям’ю, пра маці, песні і час: “Маці расла ў шматдзетнай сям’і: чатыры сястры і пяць братоў – і ўсе, калі хто не іграў на гармоніку, дык спяваў. І ўсе мелі галасы, якім сёння шмат хто мог бы пазайздросціць з сучасных вядомых спевакоў. Любоў да песні, хутчэй за ўсё, перадалася па мацярынскай лініі. Добра спявала бабуля, яе сёстры і браты – маміны цёткі і дзядзькі. Згадваецца не адзін момант, калі маці прасіла сваю маці, альбо яе родную сястру праспяваць тую ці іншую песню, каб запомніць – маці не запісвала песні, бо была малапісьменнай.
Мамін бацька таксама меў добры голас і ў гасцях гучна яго праяўляў, але песнямі асабліва не захапляўся, і не таму, што не хацеў, а таму, што часу на іх не было за гаспадаркай. Але неяк мне малому гаварыў, што ў маладосці іграў на аднарадным гармоніку…”.
Выданне “Маміных песень” Янкі Трацяка – яшчэ адзін маленькі ўклад у культурную спадчыну беларускага народа.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя